3 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнай выставы “Беларускай песні ўладар”

Выстаўка створана на аснове калекцыі аўтографаў песняра і прадстаўляе новы погляд на яго творчасць. Выбраныя рукапісы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы раскрыюць розныя грані паэтычнага таленту лідэра беларускага Парнаса. Купалаўскім вершам уласцівы высокі грамадзянскі пафас і пранікнёны лірызм, глыбіня філасофскіх разваг і лёгкасць дасціпнага жарту, элегічны смутак і шчырая ўсмешка.

Упершыню на радзіме паэта будзе экспанавана частка арыгінальнай рукапіснай спадчыны Янкі Купалы, якая зберагаецца за межамі Беларусі: аўтографы ранніх вершаў – узор палітычнай сатыры – і арыгінальныя матэрыялы з архіва “Нашай Нівы”, з якімі працаваў паэт. Гэта стала магчымым дзякуючы даўняй традыцыі беларуска-літоўскага культурнага дыялогу. Выставачны праект “Беларускай песні ўладар” – вынік супрацоўніцтва музея Янкі Купалы і Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва, а таксама дзейснай падтрымкі Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Творчая спадчына Янкі Купалы – яркая старонка ў сусветнай літаратуры. Яго поспеху спрыяў не толькі ўласны паэтычны геній, але і адданая любоў чытачоў, у чыёй душы жыва адгукнулася Купалава песня. Інтэрактыўная зона “Літаратурны Парнас 2017” дасць магчымасць кожнаму змясціць імя свайго любімага пісьменніка на творчай вяршыні поруч з Купалам, стварыўшы галерэю майстроў слова, якія знайшлі свой шлях да чытацкіх сэрцаў.

Выставачны праект “Беларускай песні ўладар” стане асновай інтэрактыўных праграм падчас Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” 20 мая 2017 года.

Выстава працуе з 04 мая па 16 чэрвеня 2017 па адрасе: Мінск, вул. Янкі Купалы, 4.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *