МІЖНАРОДНАЯ ВЫСТАЎКА «ДАРОГАМІ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ»

4 мая 2018 года ў Калінінградскім абласным гісторыка-мастацкім музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднага выставачнага праекта “Дарогамі мовы і літаратуры”.
Шэсць музеяў з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі, кожны з якіх вядзе вялікую працу па захаванні, вывучэнні і папулярызацыі еўрапейскай культурнай спадчыны, аб’ядналіся для сумеснай выстаўкі:
• Аб’яднанне Мемарыяльных музеяў (Рыга, Латвія);
• Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы (Мінск, Беларусь);
• Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей (Расія);
• Літаратурны музей А.С. Пушкіна (Вільнюс, Літва);
• Літаратурны музей Майроніса (Каўнас, Літва);
• Музей літаратуры імя Адама Міцкевіча (Варшава, Польшча).
Выстаўка “Дарогамі мовы і літаратуры” знаёміць з жыццём, творчасцю і літаратурнай спадчынай паэтаў, якія аказалі вялікі ўплыў на станаўленне і развіццё нацыянальнай літаратуры, а таксама на развіццё літаратур суседніх краін — Янкі Купалы, Крысціёнаса Данелайціса, Майроніса, Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Яніса Райніса.
Ініцыятарам праекта выступіў Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей у сувязі з важнай датай – 200-годдзем першага выдання паэмы «Поры года» Крысціёнаса Данелайціса (па ініцыятыве ЮНЕСКО яна была ўнесена ў спіс літаратурных шэдэўраў Еўропы).
Праект рэалізуецца ў рамках Года культурнай спадчыны, абвешчанага ў Еўропе ў 2018 годзе. На працягу ўсяго года будуць праводзіцца мерапрыемствы, накіраваныя на знаёмства з багацейшай еўрапейскай культурнай спадчынай. “Дбаючы пра нашу культурную спадчыну, мы можам больш даведацца пра яе разнастайнасць і паспрыяць міжкультурнаму дыялогу на тэму аб тым, што нас аб’ядноўвае. Гэта самы эфектыўны шлях да ўзбагачэння нашага духоўнага жыцця, таму што культурная спадчына з’яўляецца цэнтральным элементам нашай ідэнтычнасці”, — падкрэсліваюць арганізатары.
Выставачны праект накіраваны на ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж краінамі, закліканы палепшыць разуменне агульных каштоўнасцей, паказаць разнастайнасць культур.
Экспазіцыя будзе прадстаўлена ў Юрмале (3 ліпеня), Варшаве (8 жніўня), Вільнюсе (8 верасня), Мінску (4 кастрычніка), Каўнасе (19 кастрычніка).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *