13 красавіка ў Музеі Уладзіміра Маякоўскага (г. Багдаці, Грузія) адкрыта выстаўка “Грузія, дружная з сонцам краіна”

Выстаўка прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і ладзіцца ў межах праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” і да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы.

 

Пачынаючы з 1937 года, Янка Купала неаднойчы бываў у Грузіі. Асабістая перапіска паэта і ўспаміны Аляксандра Шанідзэ ўзнаўляюць шляхі Янкі Купалы па грузінскай зямлі. Ён прыязджаў у Тбілісі ў 1937 годзе з нагоды 750-годдзя паэмы Шата Руставэлі “Віцязь і тыгравай шкуры”, лячыўся на курортах Цхалтубо і Сухумі, наведваў Мцхету, Кутаісі, знаёміўся са старажытнымі архітэктурнымі помнікамі. У сёлах Хамулі і Чунешы назіраў святочныя грузінскія абрады, зачаравана слухаў народныя песні, у вёсцы Гвіштыбі гутарыў з мясцовымі жыхарамі, цікавіўся іх побытам, працай на чайных плантацыях і вінаградніках. Асаблівую цікавасць праяўляў да народнай творчасці, чытаў вельмі шмат кніг па гісторыі Грузіі.

Шчырае захапленне гэтай прыгожай зямлёй і яе народам знайшло адбітак у вершах паэта: “Грузія”, “Генацвале”, “Сонечнаму Шата Руставэлі”. Творы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы неаднойчы перакладаліся на грузінскую мову.