“Душой я вольны чалавек” Янка Купала – беларускі класік ў Санкт-Пецярбургу

З 15 лістапада па 17 снежня 2018 г. Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў Музеі-сядзібе Г.Р. Дзяржавіна (Санкт-Пецярбург, Расія) экспанаваны міжнародны выставачны праект “Душой я вольны чалавек”. Выстаўка прадстаўляе Санкт-Пецярбург пачатку ХХ ст. – горад вучобы і творчага сталення першага народнага паэта Беларусі, адзін з цэнтраў беларускага нацыянальнага адраджэння, – знаёміць са спадчынай Купалы, драматурга і перакладчыка, распавядае пра сувязі беларускага пісьменніка з найбагатшым светам рускай літаратуры.

Санкт-Пецярбург, у якім паэт жыў і вучыўся ў 1909–1913, адыграў вялікую ролю ў станаўленні яго літаратурнага таленту, тут убачылі свет яго першыя зборнікі, адбылася трыумфальная прэм’ера “Паўлінкі” – знакамітай купалаўскай п’есы, якая і сёння з’яўляецца візітоўкай беларускага тэатра.

Выстаўка прадстаўляе Пецярбург Янкі Купалы, кола паплечнікаў і сяброў, у якіх паэт знайшоў падтрымку. У экспазіцыі прадстаўлены выданні першай беларускай легальнай выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, сярод якіх творы Янкі Купалы, у тым ліку яго першы зборнік “Жалейка” (1908), які адзначае сёлета 110‑годдзе.

Раздзелы выстаўкі знаёмяць з творчай спадчынай Купалы-драматурга і перакладчыка. Купалаўскія п’есы ў залатым фондзе беларускай драматургіі. Іх сцэнічная гісторыя адлюстроўвае гісторыю развіцця сучаснага беларускага тэатра, прадстаўлена ў афішах, эскізах, сцэнічных касцюмах пастановак “Паўлінкі”, “Раскіданага гнязда”, “Тутэйшых”. Сярод экспанатаў выстаўкі эскізы сцэнічных касцюмаў, створаныя заснавальнікам беларускай сцэнаграфіі Аскарам Марыксам. У раздзеле, які прысвечаны сувязям Янкі Купалы як паэта і перакладчыка з рускай літаратурай, акцэнт зроблены на найбольш значных купалаўскіх перакладах: “Слова аб палку Ігаравым” і “Медны коннік” Аляксандра Пушкіна. Рарытэты з музейнага збору прадстаўляюць перакладчыкаў Купалавых вершаў Апалона Карынфскага, Валерыя Брусава, Максіма Горкага.

Сярод асабліва каштоўных меморый – асабістыя рэчы Янкі Купалы, а таксама прадметы з нумара гасцініцы “Масква”, дзе прайшлі апошнія дні жыцця паэта. Дакументальны расказ дапаўняюць мастацкія работы беларускіх жывапісцаў і графікаў Віктара Барабанцава, Уладзіміра Сулкоўскага, Янкі Раманоўскага, Анатоля Александровіча, Віктара Александровіча, Арлена Кашкурэвіча, Уладзіміра Тоўсціка, Георгія Паплаўскага, скульптараў Валяр’яна Янушкевіча і Паўла Лука.

Выстаўка створана ў рамках двухбаковага супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Усерасійскага музея А. С. Пушкіна пад эгідай VII Санкт-Пецярбургскага міжнароднага культурнага форуму.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *