26 студзеня 2018 года адбылося адкрыццё выстаўкі «Yiwarra Kuju – маршрут Кэнінга»

26 студзеня 2018 года а 17-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Нацыянальны музей Аўстраліі запрашаюць на адкрыццё выстаўкі «Yiwarra Kuju – маршрут Кэнінга: мастацтва абарыгенаў пустыні Заходняй Аўстраліі».

Выстаўка такой незвычайнай тэматыкі – своеасаблівы працяг традыцыі народнай дыпламатыі на Беларусі, яркім дзеячом якой быў Янка Купала. Яе экспанаванне прымеркавана да 200-ддзя святкавання Дня Австраліі.

Ініцыятар стварэння асветніцкага праекта – творчае аб’яднанне FORM. На працягу чатырох гадоў мастакі, майстры народных традыцый, захавальнікі скарбу культурнай спадчыны абарыгенаў і дзеячы кінематографа, што належаць да карэнных народаў Заходняй Аўстраліі, працавалі на плэнэрах ў аўстралійскім бушы.

Маршрут Кэнінга (Canning Stock Route) – вядомая частка гісторыі засваення кантынента перасяленцамі ў першай палове ХХ ст. Гэты найвялікшы ў свеце шлях для перагону буйной рагатай жывёлы даўжынёй у 1850 км альбо ў 1150 міль перасякае Заходнюю пустыню, самы спякотны рэгіён краіны.

Станаўленне Аўстраліі як краіны адбывалася шляхам сутыкнення еўрапейскай цывілізацыі з аўтахтоннай мясцовай культурай. Маршрут Кэнінга прайшоў праз землі са шматвяковай гісторыяй, багатай традыцыйнай культурай абарыгенаў, якія знайшлі спосаб гарманічнага суіснавання з прыродай. Дадзены выставачны праект упершыню прадстаўляе пункт погляду абарыгенаў на гэтую ўнікальную ў гісторыі і культуры Аўстраліі з’яву і яе ўплыў на жыццё карэнных жыхароў рэгіёна.

Трагізм сустрэчы, канфлікт і прымірэнне, адыход і вяртанне да жыватворчых крыніц адлюстроўваюць мастацкія работы, створаных у архаічных традыцыях мастацтва абарыгенаў. Кожная работа суправаджаецца схемай з расшыфроўкамі таямнічага сэнсу старажытных сімвалаў і арнаментаў. На экспазіцыйных планшэтах змешчаны таксама партрэты мастакоў, гісторыі з іх жыцця.

Падчас работы выстаўкі дэманструюцца аўстралійскія фільмы пра жыццё абарыгенаў: “Зямля Чарлі” (Charlie’sCountry) і “Заўтра будзе новы дзень” (BranNueDae).

Выстаўка арганізавана Пасольствам Аўстраліі ў Расійскай Федэрацыі і прымеркавана да святкавання Дня Аўстраліі – нацыянальнага свята, якое ўпершыню было афіцыйна адзначана 26 студзеня 1818 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *