Круглы стол “Беларуска-узбекскія літаратурныя сувязі”

Круглы стол “Беларуска-узбекскія літаратурныя сувязі”

 31 ліпеня 2019 года Дзяржаўным літаратурным музеям Янкі Купалы разам з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, выдавецкім домам “Звязда” і Пасольствам Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь быў арганізаваны круглы стол “Беларуска-узбекскія літаратурныя сувязі”.

Сустрэча творчай і навуковай інтэлігенцыі прайшла ў рамках І Форума рэгіёнаў і Дзён культуры Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь. Узбекскі бок на пасяджэнні прадставілі ганаровыя госці: старшыня Камітэта па міжнацыянальных зносінах і сяброўскіх сувязях з замежнымі краінамі пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Узбекістан Рустамбек Курбанаў, старшыня Саюза пісьменнікаў Сіраджыддзін Саідаў, старшыня Акадэміі мастацтваў Акмал Нурыддзінаў, рэктар Ташкентскага дзяржаўнага універсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры імя Алішэра Наваі Шухрат Сіраджіддзінаў, а таксама землякі: старшыня Ташкентскага гарадскога беларускага нацыянальнага цэнтра “Світанак” Святлана Дудзюк і прафесар Узбекскага дзяржаўнага ўніверсітэта сусветных моваў Анатоль Ліхадзіеўскі.

З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел супрацоўнікі выдавецкага дома “Звязда”, прадстаўнікі журналаў “Нёман”, “Маладосць”, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, беларускія паэты – перакладчыкі ўзбекскай літаратуры, прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі.

Адным з аспектаў сустрэчы ў Купалавым доме быў ўспамін пра беларускага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцу Сцяпана Ліхадзіеўскага (1911–1979), які ў 1920–1930 гадах сустракаўся з Янкам Купалам, а ў 1943 годзе браў удзел у вечары памяці паэта ў Ташкенце, дзе ў гады ІІ Сусветнай вайны знайшлі прытулак многія беларусы, сярод якіх быў і Якуб Колас.

Купалаў дом зноў стаў месцам аднаўлення повязі пакаленняў і развіцця беларуска-узбекскага культурнага дыялогу.

Таксама ў рамках круглага стала адбылася прэзентацыя кнігі «Перамога адна на ўсіх. Беларусь – Узбекістан», якая прысвечаная воінам-узбекістанцам, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі. Новае выданне працягвае серыю кніг «Беларусь памятае: у імя жыцця і свету», якая ствараецца ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае». Кнігу прадставіў дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Уладзіміравіч Андрыевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *