“Маем гонар прадставіць – Аванэс Туманян”

18 ліпеня 2019 года адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднай выстаўкі “Маем гонар прадставіць – Аванэс Туманян”. З жыццём і творчасцю народнага паэта Арменіі, пісьменніка і публіцыста, выдатнага грамадска-палітычнага дзеяча, патрыёта радзімы і грамадзяніна свету знаёміць беларусаў Музей Аванэса Туманяна (Ерэван).

Армянскі народ любіць і шануе свайго дастойнага сына, тройчы тытулаванага ім – Паэт усіх армян, Тамада ўсіх армян і Бацька ўсіх армянскіх сірот. 150 годдзе з дня нараджэння Аванэса Туманяна шырока адзначаецца сёлета пад эгідай ЮНЕСКА.

Вечар сустрэчы з армянскай паэзіяй і культурай распачала салістка ансамбля “Эрэбуні” Рэпсімэ Геваркян танцам пад гукі дудука, які таксама ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны.

Выставачны праект рэалізаваны ў рамках Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры Арменіі, а таксама пры пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь. Высокую місію славутых песняроў, іх спадчыны для прэзентацыі народаў і краін у свеце, ролю ўстаноў культуры ў міжнародным дыялогу адзначылі ў прамовах Першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь, Пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Рэспублікі Арменія пры статутных і іншых органах СНД Армэн Гевандзян, старшыня Таварыства дружбы “Беларусь – Арменія” паэт Навум Гальпяровіч.

Шматгранную, як каштоўны камень, асобу Аванэса Туманяна прадставіла ў цудоўнай экскурсіі Тамара Арамян, захавальнік працоўнай бібліятэкі паэта. З выдатнымі ўзорамі паэзіі Аванэса Туманяна ў арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову знаёмілі адмысловыя карткі. Каштоўны падарунак – паштоўку Якуба Коласа да Сяргея Гарадзецкага – галоўны захавальнік фондаў Марына Багдасарян перадала прадстаўнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, што стала вялікай радасцю для супрацоўнікаў музея і родных беларускага класіка.

Выстаўка працягне сваю работу да 17 жніўня 2019 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *