Музею-75!

“З Купалам у сэрцы” – так называўся ўрачысты вечар, прысвечаны 75-гадоваму юбілею Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, які музей адзначыў 23 верасня 2019 года.

Сімвалічна, што свята супрацоўнікі Купалавага дому сустракалі на сцэне гасціннага і дабразычлівага Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Як сказаў аднойчы народны артыст Беларусі Віктар Манаеў: “музей і тэатр, дзякуючы Янку Купалу – сваякі”. Атмасфера тэатра ў гэты дзень напоўнілася асаблівай душэўнай цеплынёй і сардэчнасцю.

Высокая ацэнка дзейнасці музея прагучала ў Віншавальным адрасе ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі. Калектыў ўстановы “Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы” атрымаў Падзяку Прэм’ер-Міністра Рэспублікі Беларусь С.М.Румаса за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю беларускай нацыянальнай культуры.

Музей з юбілеем павіншавалі Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Н.В. Карчэўская, намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь А.В. Дапкюнас, начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь У.У.Андрыевіч,  Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы П.П. Латушка, Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорта і турызма С.Р.Крысенка, прагучалі відэавіншаванні ад Надзвычайных і Паўнамоцных Паслоў Рэспублікі Беларусь у Кітаі і Фінляндыі, а таксама ад беларусаў Аргенціны і калег з музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы, Рэспубліка Татарстан.

У канцэртнай праграме вечара прынялі ўдзел любімы намі народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Генадзь Сцяпанавіч Аўсяннікаў з вершам-дэбютам Янкі Купалы “Мужык”, бліскучы акцёрскі дуэт славутага спектакля “Паўлінка” Алег Гарбуз і Юлія Шпілеўская пры падтрымцы артыстаў аркестра выканалі ўрывак з легендарнага твора, а таксама заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Ігар Сігоў, які непаўторна ўвасобіў вобраз Мужыка з драматычнай паэмы “Адвечная песня”.

У святочнай праграме прагучалі песні на словы Янкі Купалы ў выкананні Аляксандра Віслаўскага, а таксама Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

“Спадчына”, пакладзеная на музыку Ігарам Лучанком, у выкананні лаўрэата і дыпламанта міжнародных конкурсаў Ільі Сільчукова стала прыемным падарункам ад Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Упершыню з вялікай сцэны прагучаў гімн Купалавага дому на словы Навума Гальпяровіча і музыку Алеся Камоцкага ў выкананні ўсіх супрацоўнікаў музея – гэта стала адным з самых кранальных момантаў свята, бо ўсе 200 чалавек, які знаходзіліся ў зале, слухалі гімн стоячы!

Шмат шчырых слоў і віншаванняў прагучала ў гэты цудоўны вечар. Юбілей – выдатная магчымасць прыгадаць яркія моманты жыцця музея, сабраць разам былых супрацоўнікаў і сяброў – усіх, хто жыве і працуе з Купалам у сэрцы!

Прытулак любові – Купалаўскі Дом,

Дзе зноў зажадалі сустрэцца.

З Купалам у сэрцы усе мы жывём.

З Купалам – у сэрцы!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *