«Натхнёныя словам Купалы» — выстаўка работ майстроў беларускай кніжнай графікі, прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Музей Янкі Купалы і Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадстаўляюць вашай увазе выстаўку работ майстроў беларускай кніжнай графікі “Натхнёныя словам Купалы”, прымеркаваную да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Прыгажосць навакольнага свету і высакароднай чалавечай душы, якую паэт здолеў выразіць у слове, не аднойчы натхняла мастакоў. Іх яркія, самабытныя работы станавіліся ілюстрацыямі выданняў вершаў і паэм Янкі Купалы, пераўтвараючы кнігу ў шэдэўр высокага мастацтва. Купалавы творы, аздобленыя работамі Арлена Кашкурэвіча, Васіля Шаранговіча, Міхаіла Басалыгі і іх калег займалі першыя месцы на прафесійных конкурсах, ствараючы залаты фонд беларускай нацыянальнай паліграфіі.

Янка Купала высока цаніў добрую кнігу. Па ўспамінах блізкіх, на паліцах уласнай бібліятэкі паэта стаяла не адна тысяча тамоў. Іван Дамінікавіч хацеў перадаць гэты кніжны скарб у фонды галоўнай беларускай кніжніцы – Ленінскай бібліятэкі. На жаль, падчас Вялікай Айчыннай вайны агонь знішчыў дом Песняра. Ацалела толькі некалькі тамоў з багатага Купалавага збору. У рамках выстаўкі мы прадстаўляем кнігі з уладальніцкім надпісам, які сведчыць, што яны – са страчанага кнігазбору першага народнага паэта Беларусі. Яны ашчадна зберагаюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, як каштоўная памятка пра аднаго з яе першых чытачоў і сяброў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *