12 красавіка 2018 г. у Нацыянальным акадэмічным вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбылася ўрачыстая прэзентацыя кнігі аднаго верша “А хто там ідзе?” Янкі Купалы на 100 мовах свету

Унікальнае выданне было ажыццёўлена выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, чый творчы калектыў годна працягвае лепшыя традыцыі беларускага кнігадрукавання. Кніга была падрыхтавана ў цесным супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Музей папулярызуе творчую спадчыну беларускага класіка не толькі на Беларусі, але і за межамі краіны. Сярод сяброў музея прадстаўнікі розных народаў свету: пісьменнікі, грамадскія і культурныя дзеячы, дыпламаты. Іх дзейная падтрымка і непасрэдны ўдзел далі магчымасць ажыццявіць гэты маштабны міжнародны праект. Сярод перакладчыкаў – Марыян Серватка, у мінулым Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Дзякуючы былому Паслу Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфану Эрыксану з’явіўся шведскі пераклад. Складальнікі шматмоўнага выдання – ганаровы старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Раманаўна Ляшковіч. У свой час Вячаслаў Пятровіч быў ініцыятарам выдання верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на 82 мовах, якое ўбачыла свет ў стогадовы юбілей паэта. Яго памочнікам у гэтай справе была пляменніца Янкі Купалы Ядзвіга Юльянаўна Раманоўская, галоўны захавальнік фондаў музея Песняра. Новае выданне стала выдатным працягам гэтай працы. 11 перакладаў упершыню апублікаваны менавіта на старонках прэзентаванай кнігі. А мастацкая Купаліяна, значная частка якой захоўваецца ў калекцыі Купалаўскага музея, стала выдатным аздабленнем выдання. Кніга “А хто там ідзе?” на 100 мовах свету – яшчэ адзін камень у падмурак ушанавання памяці Янкі Купалы. Знамянальна, што кніга ўбачыла свет у год, калі мы адзначаем 110‑ці гадовы юбілей першай публікацыі верша ў зборніку “Жалейка”. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій розных краін. Ганаровымі гасцямі свята сталі перакладчыкі Купалы Марыян Серватка і Хізры Асадулаеў. Верш Янкі Купалы прагучаў на армянскай, сербскай, украінскай, славацкай, кыргызскай, таджыкскай мовах і хіндзі. Песні беларускіх кампазітараў на словы Янкі Купалы ў выкананні салістаў Вялікага тэатра сталі падарункам для гасцей і ўдзельнікаў урачыстасці. Сёння беларускае слова і сапраўды гучыць “на свет цэлы”, як марыў калісьці паэт.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *