22 мая адбылася прэзентацыя кнігі літаратуразнаўцы, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Міколы Валянцінавіча Труса “Купалаўскія адрасы ў Славакіі”

У выданні асвятляюцца невядомыя старонкі жыццяпісу Песняра і гісторыі беларуска-славацкіх культурных сувязяў. Праца з замежнымі архівамі  дазволіла аўтару дэталёва прадставіць падарожжа па Славакіі ў кастрычніку 1935 года дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў, у склад якой уваходзіў Янка Купала. У навуковы ўжытак уводзіцца шэраг выяўленных  дакументаў і матэрыялаў: інтэрв’ю, аўтографы, фотаздымкі, замежныя газетныя публікацыі.

Плённыя навуковыя росшукі сталі фактаграфічнай асновай шэрагу міжнародных ініцыятыў, у тым ліку беспрэцэдэнтнага культурнага праекта «Славацкімі шляхамі Янкі Купалы», ажыццёўленага ў чэрвені 2015 года. Падтрымліваючы традыцыі, закладзеныя дэлегацыяй савецкіх пісьменнікаў, беларускія майстры слова Анатоль Бутэвіч, Таццяна Сівец, Людміла Рублеўская, Мікола Трус і супрацоўнікі музея сустракаліся з членамі Саюза пісьменнікаў Славакіі, праводзілі творчыя сустрэчы ў бібліятэках і школах, перадавалі ў дар свае кнігі. Такім чынам прадэманстравана інтэграванасць навукі ў сучасную практыку еўрапейскага супрацоўніцтва, народнай дыпламатыі.

У прэзентацыі кнігі “Купалаўскія адрасы ў Славакіі” возьмуць удзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, навукоўцы, пісьменнікі, арганізатары і ўдзельнікі міжнароднага культурнага і выставачнага праекта “Славацкімі шляхамі Янкі Купалы”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *