29 лістапада 2019 года адбылася прэзентацыя выдання «Янка Купала. Санеты»

29 лістапада 2019 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя выдання «Янка Купала. Санеты».

Кніга, створаная па ініцыятыве музея, пабачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 2019 годзе. Галоўны рэдактар выдавецтва Шніп Віктар Анатольевіч падкрэсліў, што пад вокладкай сабраны ўвесь санетарый Янкі Купалы, а таксама пераклады на 16 моў свету, зробленыя спецыяльна для выдання і апублікаваныя ўпершыню.

У прэзентацыі прынялі ўдзел: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Йозаф Мігаш, Першы сакратар Пасольства Украіны Башняк Іван Сцяпанавіч, Трэці сакратар Пасольства Расійскай Федэрацыі Данец Марыя Анатольеўна, а таксама перакладчык санетаў Янкі Купалы на кітайскую мову спадар Лі Цзо.

Мерапрыемства ладзілася пры падтрымцы Цэнтра нацыянальных культур, дзякуючы якому госці вечарыны пачулі санеты Янкі Купалы ў перакладах на родныя мовы народаў Арменіі, Украіны, Літвы, Татарстана, Грузіі. Прынялі актыўны ўдзел ў прэзентацыі і студэнты філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія чыталі санеты ў перакладзе на сербскую, славацкую, рускую мовы і, канешне, на мове арыгінала.

Прагучалі відэавіншаванні з нагоды выхаду кнігі ад перакладчыкаў санетаў: народнага паэта Рэспублікі Татарстан Рэната Харыса і народнага паэта Чувашыі Валерыя Тургая.

Складальнікі кнігі – Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, якая падкрэсліла, што новыя пераклады санетаў Янкі Купалы сведчаць пра жывую цікавасць да беларускай класікі ў свеце, пра той няспынны творчы пошук паразумення, калі мова мастацкага твора дзякуючы рупліўцам-перакладчыкам становіцца пачаткам сяброўскага дыялогу паміж народамі і краінамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *