6 сакавіка 2017 года адбылося адкрыццё выставы “Родныя крыніцы», прымеркаванай да дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі

Народы Беларусі і Украіны звязваюць даўнія традыцыі добрага суседства, збліжае агульны выток моў і культур, складаны шлях да сцвярджэння незалежнасці, імкненне захаваць каштоўны духоўны скарб, ад продкаў атрыманы ў спадчыну. Нездарма слова ўкраінскага Кабзара – Тараса Шаўчэнкі – адгукнулася і ў беларускіх сэрцах. Шаўчэнкаўскія дні як даніна ўдзячнай памяці ўкраінскаму генію здаўна адзначаюць не толькі на радзіме творцы, але і на Беларусі. У святкаванні іх неаднойчы браў удзел і першы народны паэт Беларусі Янка Купала, які з вялікай павагай і захапленнем ставіўся да асобы Тараса Шаўчэнкі, прысвячаў яму ўласныя творы, перакладаў вершы і паэмы Кабзара на беларускую мову.

Традыцыю ўшанавання памяці Тараса Шаўчэнкі ў Купалавым доме працягвае выставачны праект “Родныя крыніцы. Рідні джерела”. У аснове праекта – калекцыя старажытных твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Украіны і Беларусі, якую з юначых гадоў рупліва збірае майстар народнай творчасці, член ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” Галіна Безбародка. Калекцыю папаўнялі каштоўнымі памяткамі з сямейных збораў прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары на Беларусі. Яна прэзентавалася на Рэспубліканскіх фестывалях нацыянальных культур, была адзначана дыпломамі ўдзельніка і лаўрэата.

Артэфакты народнай культуры, што ўзгадавала магутныя таленты паэтаў, ужо экспанаваліся ў дыпламатычных місіях Украіны ў Гродна, Брэсце і Мінску. Выстава ў Нацыянальным культурным цэнтры Украіны ў Маскве атрымала высокую ацэнку. Ганаровай граматай адзначана шматгадовая самаадданая праца Галіны Безбародка па стварэнні этнаграфічнага музея “Украінская мазанка” ў Мінску – на беларускай зямлі, якая стала для яе другой радзімай. Яго экспазіцыю прадставяць мастацкія фатаграфіі Міколы Лінніка.

Выстава “Родныя крыніцы. Рідні джерела” створана ў рамках міжнароднага выставачнага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур”, прымеркаванага да 135-годдзя паэта.

Наведаць выставу можна да 18 сакавіка 2017 года.