“Шляхамі мовы і літаратуры”

19 кастрычніка 2018 г. у Музеі літоўскай літаратуры імя Майроніса (г. Каўнас, Літоўская Рэспубліка) адбылося ўрачыстае адкрыццё шостага этапу Міжнароднага выставачнага праекта “Шляхамі мовы і літаратуры” (Беларусь–Латвія–Літва–Польшча–Расія), які створаны сумесна музеямі-партнёрамі ў рамках Еўрапейскага года культурнай спадчыны. Дэвіз праекта – “Захоўваем спадчыну” – сугучны мэце ЕГКС: павышэнне дасведчанасці пра багацце культурнай спадчыны і яе ролі для фарміравання пачуцця агульнай ідэнтычнасці і для будучыні Еўропы. Кожны музей-удзельнік зберагае спадчыну знакавых для нацыянальнай культуры паэтаў-класікаў – Крысціёнаса Данелайціса, Яна Райніса, Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Янкі Купалы, Яніса Майроніса. Асноўная задача праекта – прадставіць спадчыну нацыянальных паэтаў у кантэксце еўрапейскага літаратурнага працэсу; пазнаёміць жыхароў кожнай краіны з асобай і творчасцю паэтаў, палепшыць разуменне агульнага і разнастайнага ў культурах краін-суседак.

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках праекта падрыхтаваў тэматычны комплекс “Янка Купала – пясняр Беларусі”, які знаёміць з асобай паэта як прарока нацыянальнага адраджэння і яго ўкладам у развіццё міжкультурнага паэтычнага дыялогу. Матэрыялы выстаўкі прадстаўляюць формы зберажэння і папулярызацыі Купалавай спадчыны ў складзе музейных калекцый, экспазіцый, мемарыялізацыю мясцін, звязаных з яго жыццём і творчасцю, а таксама інавацыйную моладзевую ініцыятыву – праект “Шрыфт PIASNIAR”.

У кожнай з краін праект праводзіцца на нацыянальнай мове, і ў Каўнасе шматлікія госці пазнаёміліся з ім на меладычнай мове класіка літоўскай літаратуры Яніса Майроніса.

Першы этап праекта ажыццяўляў Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей, другі – Аб’яднанне мемарыяльных музеяў Латвіі, трэці – Музей літаратуры імя Адама Міцкевіча (Варшава), чацвёрты –Літаратурны музей А.С. Пушкіна (Вільнюс), пяты – Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *