З 15 ліпеня па 8 жніўня 2017 года запрашаем наведаць выставу жывапісных работ Віктара Маркаўца “Спакон вякоў. Мроі Купалля”

Выстава прымеркавана адразу да двух юбілейных дат: 70-годдзя з дня нараджэння мастака і 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы.

Віктар Маркавец (1947–2013) нарадзіўся ў Докшыцах, што на Віцебшчыне. Адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, які скончыў у 1971 годзе. Вучань Івана Ахрэмчыка, Віктар Маркавец плённа працаваў у жанрах гістарычнага жывапісу і тэматычнай карціны, краявіду, партрэта і нацюрморта. Красамоўны факт пачатку яго творчай біяграфіі – удзел у першай выставе беларускай графікі з кампазіцыямі “Ганчар” і “Ткалля”, створанымі ў 1976 г.

Глыбокі знаўца гісторыі культуры Беларусі, Віктар Маркавец увайшоў у найноўшую гісторыю айчыннага мастацтва не толькі як аўтар адметных прац, што вылучаюцца адзінствам кампазіцыі і колеру, строгай акрэсленасцю малюнка, але і як мастак-грамадзянін. Дзякуючы яго натхнёнаму пэндзлю з’явіліся партрэты-рэканструкцыі слынных постацяў нацыянальнай гісторыі і культуры, у тым ліку Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ягонай дачкі Камілы, а таксама асобная галерэя твораў, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму.

На выставе экспануюцца палотны з Докшыцкай серыі, якой Віктар Маркавец на пачатку творчага шляху засведчыў высокі прафесійны ўзровень і выразную скіраванасць да традыцый рамантызму. Вянок – вобраз-архетып мары пра светлае – знітоўвае работы мастака: “Свята ў Докшыцах” (1976), трыпціх “Спакон вякоў” (1982), прысвечаны бацькам Янкі Купалы і Якуба Коласа, творы купальскай тэматыкі, выканыя ў тэхніках станкавага жывапісу, акварэлі і традыцыйных маляваных дываноў (макатак). Шэраг персанальных выстаў мастак прысвяціў старажытнаму Заслаўю, куды пераехаў з Мінска ў 1992 годзе.

Выставачны праект “Спакон вякоў. Мроі Купалля” прадставіць работы Віктара Маркаўца з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, а таксама з прыватнай калекцыі куратара выставы Таццяны Маркавец-Гаранскай.

Выстава працуе з 15 ліпеня па 8 жніўня 2017 года па адрасе Мінск, вул. Янкі Купалы, 4.