“Старасвецкая Лошыца”

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы выказвае шчырую ўдзячнасць Кур’яновічу Юрыю Уладзіміравічу, пісьменніку, перакладчыку, гісторыку, мастаку за кнігу “Старасвецкая Лошыца”, перададзеную ў дар музею. Кніга распавядае пра гісторыю Лошыцкага маёнтка, лёс якога звязаны са шматлікімі імёнамі славутых людзей, сярод якіх – прадстаўнікі шляхецкіх родаў Прушынскіх, Друцкіх-Горскіх, вядомыя навукоўцы Мікалай Вавілаў, Аляксей і Эма Сюбаравы, Анатоль Валузнёў, пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і інш. Кніга дазваляе таксама прыадкрыць і яшчэ адну малавядомую старонку жыцця Янкі Купалы, даведацца пра людзей, з якімі наш паэт разам працаваў, з кім сустракаўся і сябраваў.

У час працы над кнігай Кур’яновіч Ю.У. звяртаўся да матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Сярод дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і быў выяўлены вельмі каштоўны для купалазнаўцаў дакумент, раней невядомы рукапіс Івана Луцэвіча (Янкі Купалы), датаваны 6 жніўня 1920 г. – заява Яраслава Ясінскага аб прыёме на працу ў Мінскі губернскі зямельны аддзел з рэкамендацыямі С.Некрашэвіча і Янкі Купалы.

Янка Купала асабіста ведаў Яраслава Ясінскага па сумеснай працы ў Народным камісарыяце асветы ССРБ, і ў рэкамендацыі падкрэсліваў: “Тав. Ясінскага знаю як самага акуратнага і сумленнага працаўніка, якому можна даверыць самую адказную працу”. Добрым словам паэт успомніў Я.Ясінскага і ў пісьме ў рэдакцыю газеты “Беларусь”, дзе дзякаваў за дапамогу, аказаную падчас хваробы: “Вельмі паважаны Пане Рэдактар! Не адкажыце надрукаваць у Вашай газеце гэтых колькі слоў. 9 студзеня г.г. я цяжка захварэў… У часе гэтай маёй хваробы шмат асоб аказалі мне па-праўдзе братнюю помач і апеку. …Не магу не ўспомніць добрым словам д-ра Малькевіча, які на кватэры аказаў мне першую помач, а так жа прафесара Іваноўскага, Б.Тарашкевіча, Ясінскага, Ерохава і інш., што сваімі рукамі на насілках занеслі мяне з кватэры аж у бальніцу”.

Кніга “Старасвецкая Лошыца” Ю.У.Кур’яновіча – адзінае выданне, дзе ўпершыню друкуецца Заява Я.Ясінскага аб прыёме на працу ў Мінскі губернскі зямельны аддзел з рэкамендацыямі С.Некрашэвіча і Янкі Купалы, што значна павялічвае яе каштоўнасць.

Аўтару гэтага цікавага даследавання “Старасвецкая Лошыца” – Юрыю Уладзіміравічу  Кур’яновічу – хочацца пажадаць далейшых поспехаў у сваіх даследаванях, новых знаходак і адкрыццяў, і нараджэння новых кніг.

 

З удзячнасцю, КУПАЛАЎЦЫ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *