Свята “Паклон табе – вялікі наш Кабзар”

2 cакавіка 2019 года Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Мінскае грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў “Заповіт” адзначылі свята да 205-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі,  пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.

Імя Тараса Шаўчэнкі, агорнутае асаблівай любоўю і хвалой, навекі стала нацыянальнай святыняй і гонарам. Яго слава з кожным годам шырыцца і па-за межамі роднай Украіны. Адным з першых творы Кабзара, якога лічыў духоўным настаўнікам, перакладаў на беларускую мову Янка Купала. Абодва народныя паэты стваралі новую нацыянальную літаратуру, змагаліся за духоўнае адраджэнне і незалежнасць сваіх народаў.

Вершы Тараса Шаўчэнкі прачытаюць прадстаўнікі розных пакаленняў украінскай дыяспары з Культурна-асветнага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Обрій” (г. Калодзшчы), МГАУ “Заповіт”. Да іх далучацца дзеці акрэдытаваных у Беларусі ўкраінскіх дыпламатаў Дзмітрый Цвердахлеб, Артур Ляшэнка, Ганна Шапіра і Маргарыта Андрэйчук.

Вершы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы “Памяці Шаўчэнкі” і ўрывак з паэмы “Тарасова доля” прачытае акцёр Алег Вінярскі.

У канцэртнай праграме запланаваныя выступленні фальклорнага ансамбля ўкраінскай песні і абрадаў пад кіраўніцтвам Аляксандра Валодчанкі “Ватра”, які выканае песні на словы Шаўчэнкі “Думи мої, думи”, “Пливи, пливи, лебідь”, “По діброві вітер виє”. Тэнар Мікіта Ядлоўскі, а таксама заслужаны студэнцкі хор Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М. Танка “Gaudeamus”, якім кіруе Ларыса Ядлоўская, выканаюць украінскія народныя песні “Цвіте терем”, “Праля”, “Порізала пальчик”, “Туман яром”.

На ўрачыстае завяршэнне свята ўсе яго ўдзельнікі выканаюць знакамітую песню на словы Шаўчэнкі “Реве та стогне Дніпр широкий“.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *