7 ліпеня ладзіцца тэматычны эфір тэлеканала “Беларусь 3” да 135-годдзя Янкі Купалы

Тэлеканал “Беларусь 3” запрашае далучыцца да святкавання 135-годдзя аднаго з самых таленавітых паэтаў у гісторыі беларускай літаратуры, драматурга і публіцыста – Янкі Купалы.

7 ліпеня эфір сацыякультурнага канала цалкам аддадзены класіку. Погляды розных пакаленняў на творчасць паэта ў тэматычных выпусках праграм, тэлевізійных версіях спектакляў, музычных і дакументальных фільмах. Падчас прагляду дакументальнага кіно гледачы змогуць актывізаваць функцыю скрытага субцітравання.

Янка Купала з’яўляецца сімвалам беларускай культуры, бо яго талент шматбаковы і разнастайны: ён быў рэдактарам адной з першых беларускіх легальных газет, стварыў мноства геніяльных паэм, яго п’есы да гэтага часу не губляюць актуальнасці і ставяцца на тэатральных сцэнах Беларусі, а яго вершы перакладзены на сотні моў свету.

Тэлеканал “Беларусь 3” таксама захоўвае светлую памяць пра паэта і ў дзень нараджэння класіка падрыхтаваў тэматычны эфір з праектамі, створанымі ў розныя гады, і, вядома, з прэм’ерамі.

Адна з прэм’ерпраект “Мой Купала”. На працягу ўсяго дня ў эфіры “Беларусь 3” будуць выходзіць відэаролікі, дзе свае любімыя вершы Янкі Купалы прачытаюць людзі, вядомыя ў свеце тэатральнага мастацтва і кіно: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік, актрыса тэатра і кіно Валянціна Гарцуева, акцёр тэатра і кіно Павел Харланчук-Южакоў, актрыса тэатра і кіно Дар’я Пармененкова, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Анастасія Малашкевіч, акцёр тэатра і кіно Раман Падаляка, актрыса тэатра і кіно Дзіяна Камінская.

Святочны дзень у 7.25 распачне тэматычны выпуск праграмы “Музеі Беларусі” пра Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і яго філіял “Вязынка”.

Першая частка дакументальнага праекта «Знак няроўнасці» выйдзе на тэлеканале ў 7.50 і 19.00 пад назвай “Янка Купала, Якуб Колас. Тайны біяграфіі” (Белтэлерадыёкампанія, 2008). Падчас прагляду гледачы змогуць скарыстацца скрытымі субцітрамі.

У 8.15 і 21.30 “Беларусь 3” прапануе ўзгадаць народную камедыю “Паўлінка” (Беларусьфільм, 1952). Ролі герояў легендарнай п’есы Янкі Купалы ў фільме выканалі Людміла Драздова, Уладзімір Дзядзюшка, Лідзія Ржэцкая, Глеб Глебаў, Барыс Платонаў, Уладзімір Кудрэвіч і Вера Пола.

Новы выпуск праграмы “Майстры і куміры” на гэты раз будзе таксама прысвечаны Янку Купалу. У гасцях вядучай праекта Марыны Драгінай – дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Рэдкія архіўныя кадры з жыццяпісу паэта з каментарыямі кампетэнтнага спецыяліста можна будзе ўбачыць у 9.35 і 16.35.

У 10.25 эфір працягне рок-опера “Песня пра долю” (Белтэлерадыёкампанія, 2013) па матывах паэмы Янкі Купалы “Адвечная песня”, а пасля яе – у 11.30 – дакументальны праект “Адвечная песня” (Белтэлерадыёкампанія, 2012), які распавядзе пра Янку Купалу на тэлебачанні, у тым ліку, з дапамогай скрытых субцітраў.

Фільм-паэма пра пісьменніка “А зязюля кукавала” (Беларусьфільм, 1972) будзе прадстаўлены ўвазе гледачоў у 13.10. Функцыя скрытага субцітравання будзе таксама даступна падчас прагляду.

Яшчэ адзін праект пад назвай “Адвечная песня” (Белтэлерадыёкампанія, 2016) можна будзе ўбачыць на сацыякультурным канале ў 13.55. Гэта тэлеверсія вядомай фолк-оперы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі па аднайменнай паэме.

Тэмай чарговага выпуска праграмы “Тэатр у дэталях” у 15.30 стане яшчэ адзін спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі – “Кругі рая. Янка Купала” (Белтэлерадыёкампанія, 2016).

Рок-опера “Курган” паводле паэмы Янкі Купалы ўпрыгожыць эфір у 15.55 выступленнем вядомых беларускіх артыстаў, якія прынялі ўдзел у пастаноўцы на музыку Ігара Лучанка падчас фестываля “Маладзечна-2012”.

Спектаклем “Паўлінка” Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы распачынае кожны тэатральны сезон. За заляцаннямі Адольфа Быкоўскага і сапраўднымі пачуццямі Якіма Сарокі прапануе прасачыць і канал “Беларусь 3” – у 17.30 “Паўлінка” (Белтэлерадыёкампанія, 2002).

Да 135-годдзя з дня нараджэння паэта тэлеканал “Беларусь 3” падрыхтаваў прэм’еру – канцэртную праграму “Як на свет радзіўся Янка…”, прысвечаную з дня нараджэння паэта. Канцэрт, запісаны Генеральным прадзюсарскім цэнтрам медыяхолдынга спецыяльна з нагоды юбілею, можна будзе ўбачыць у 19.45.

Далей на сацыякультурным канале адбудзецца яшчэ адна прэм’ера – “Запіскі на палях” (Белтэлерадыёкампанія, 2017). Першая серыя новага дакументальнага праекта будзе прысвечана песняру, і з ёй таксама можна пазнаёміцца з дапамогай скрытых субцітраў у 21.05.

У завяршэнні святочнага дня ў 22.50 “Беларусь 3” пакажа канцэрт з удзелам заслужанага калектыва “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга на фестывалі “Маладзечна-2017” – “Купала і Колас. Вы нас гадавалі” (Белтэлерадыёкампанія, 2017).

Увесь дзень, 7 ліпеня, тэлеканал “Беларусь 3” запрашае гледачоў дакрануцца да творчай спадчыны геніяльнага Янкі Купалы.

 ###

 Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі

тэл. 389-63-52, 389-62-93,

email: pr@tvr.by,

www.tvr.by

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *