Вайскова-гістарычны фэст “Мяжа была пад Мінскам”

Месца правядзення: філіял “Вязынка” Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы(в. Вязынка, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць).

Дата і час правядзення: 22 ліпеня ў 12.30

Дзе праходзіла савецка-польская мяжа ў 1920-1930-я гады? Хто яе ахоўваў з боку БССР і Польшчы? Як адбывалася перамяшчэнне насельніцтва праз “кардон”? Што насілі кантрабандысты ў торбах-носках? Дзе нарадзіўся знакаміты верш Уладзіміра Маякоўскага пра савецкі пашпарт? Усё гэта, а таксама шмат іншага ўбачаць удзельнікі вайскова-гістарычнага фэсту!

Галоўнай адметнасцю мерапрыемства стане рэканструкцыя памежнага пераходу міжваеннага часу, на якім будзе праводзіцца праверка дакументаў, памежкамісарская сустрэча і абмен перабежчыкамі. Члены Групы вайскова-гістарычнай рэканструкцыі “Беларусы ў Войску Польскім” прадэманструюць гасцям імпрэзы аўтэнтычную ўніформу жаўнераў Памежных войскаў НКУС БССР, а таксама польскага Корпуса аховы памежжа.

Кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў пакажа ўнікальныя артэфакты, здымкі і матэрыялы са свайго прыватнага архіва, якія звязаны з гісторыяй даваеннай савецка-польскай мяжы.

Кожны ўдзельнік зможа атрымаць унікальную копію даваеннага пашпарта адной з еўрапейскіх краін і паставіць у яго на памяць пячатку аб перасячэнні “кардона”.

Запрашайце сяброў і знаёмых!

 

Уваход у музей – 2 рублі, удзел у інтэрактыўнай праграме – бясплатны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *