1 лютага 2017 года ў Ізраільскім культурным цэнтры прайшоў творчы вечар, прысвечаны 130-годдзю Змітрака Бядулі

афиша_сад_21 лютага 2017 года Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Ізраільскі культурны цэнтр пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь зладзілі творчы вечар, прысвечаны 130-годдзю Змітрака Бядулі, класіка беларускай літаратуры, творчая спадчына якога з’яўляецца яркім прыкладам узаемадзеяння беларускай і яўрэйскай культур.

У рамках мерапрыемства прайшла прэзентацыя выстаўкі “Сад вашых песень”, якая была прадстаўлена ў час урачыстага адкрыцця памятнага знака ў гонар Янкі Купалы ў Ізраілі ў горадзе Ашдод у снежні 2015 года. Выстаўка арганізавана ў рамках міжнароднага выставачнага праекта «Янка Купала ў дыялогу культур» і прысвечана творчым і сяброўскім сувязям Янкі Купалы з дзеячамі яўрэйскай культуры, асвятляе іх унёсак у развіццё культуры Беларусі ў 1930-1940-х гадах.

Самуіл Плаўнік (1886–1941), вядомы пад літартурным псеўданімам Змітрок Бядуля, выхаваны ў яўрэйскай культурнай традыцыі, стаў адным з лепшых майстроў беларускай паэзіі і прозы. Блізкі сябар і паплечнік Янкі Купалы, Змітрок Бядуля вядомы таксама як літаратурны крытык, даследчык этнаграфіі і фальклора. Па яго ўласным прызнанні, два сэрцы б’юцца ў яго грудзях, дзве музы натхняюць песню: «Адна – чорнавалосая, глядзіць чорнымі ад слёз вачыма і шэпча: “Памятай, што цячэ ў табе кроў яўрэйскага Усходу”. А ў другой валасы ільняныя. Яна трымае ў рукай гуслі і пяе песні беларускай зямлі. Голас яе звініць: “Твой Іерусалім – вось тут, у гэтых лясах і далінах, што далі табе моц цела і духа”».

Вечар памяці Змітрака Бядулі, выбітнага прадстаўніка яўрэйскага народа, які прысвяціў свой паэтычны талент Беларусі – працяг даўняй традыцыі беларуска-яўрэйскага міжкультурнага дыялога, які ўзаемаўзбагачае духоўную прастору абодвух народаў.

Мерапрыемства адбылося ў Ізраільскім культурным цэнтры пры ўдзеле прадстаўнікоў Пасольства Дзяржавы Ізраіль, яўрэйскіх суполак Мінска, творчай інтэлігенцыі.