Выставачны праект “У дыялогу культур. Янка Купала і Сербія”

Выставачны праект прадстаўляе генія нацыянальнай літаратуры Беларусі Янку Купалу ў шырокім кантэксце беларуска-сербскіх культурных сувязей. Творы выдатнага паэта і драматурга, плён яго грамадскай дзейнасці сталі неад’емнай часткай духоўнай асновы беларускай нацыі. Жывая спадчына вялікага Песняра – непарыўная повязь з Бацькаўшчынай для беларусаў свету, крок да зразумення Беларусі, яе гісторыі, культуры для прадстаўнікоў розных народаў і краін. Папулярызуючы творчасць Янкі Купалы і знаёмячы замежную грамадскасць з выбітнай асобай беларускага нацыянальнага адраджэння, выстаўка працягвае традыцыі, закладзеныя самім паэтам, які ад імя свайго народа гаварыў “на свет цэлы”. Праект рэалізуецца ў рамках еўрапейскага Года культурнай спадчыны.

На аснове выяў музейных прадметаў са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, матэрыяльных сведчанняў жыцця і творчасці Песняра, вядзецца расповед пра феномен Янкі Купалы – чалавека і творцы, асвятляецца значэнне літаратурнай і грамадскай дзейнасці пісьменніка для адраджэння і развіцця беларускай нацыянальнай культуры, навукі, дзяржаўнасці, уплыў яго паэтычнага свету і філасофскай думкі на фарміраванне ментальнасці беларусаў як еўрапейскай нацыі. Асобны комплекс прысвечаны стасункам Янкі Купалы з Сербіяй як важнаму этапу ў актыўным працэсе ўзаемапазнання двух славянскіх народаў. Купалавы творы ў арыгінале і ў мастацкім перакладзе на сербскую мову годна прадстаўляюць беларускі ўнёсак у агульны духоўны скарб сусветнай культуры.

Дакументальную частку выстаўкі дапаўняе серыя мастацкіх фатаграфій “Паэзія купалаўскіх мясцін”, прысвечаная знакавым для творчага лёсу Янкі Купалы куточкам Беларусі, мемарыялізаваным, каб захаваць унікальнае гісторыка-прыроднае асяроддзе: Вязынцы, дзе нарадзіўся будучы паэт, Яхімоўшчыне, у якой закрасаваў яго талент, Акопам, дзе створаны шэдэўры беларускай паэзіі і драматургіі, Ляўкам, светламу прытулку і крыніцы натхнення для пісьменніка ў цяжкія 1930‑я гг.

Падчас вернісажу пройдзе грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”, якая ўзяла старт у 2012 годзе. Яе ўдзельнікі – тысячы беларусаў, а таксама госці нашай краіны, сярод якіх кіраўнікі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь. Акцыя з поспехам праходзіла ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Грузіі, Украіне, Ізраілі, Фінляндыі, Славакіі. Сёлета Сербія далучаецца да краін, паяднаных з Беларуссю Купалавым словам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *