Янка Купала ў Кітаі!

25 чэрвеня 2019 года ў Кітаі адкрыты другі помнік беларусу – бюст народнага паэта Янкі Купалы стварыў беларускі скульптар Віктар Копач. На гранітнай стэле па-беларуску і па-кітайску напісана: «Народны паэт Беларусi Янка Купала», пазначаны даты жыцця.

Цырымонія адбылася ў час візіту Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудога ў Сіаньскі ўніверсітэт замежных моваў (правінцыя Шэньсі), у якім 24 снежня 2018 года адкрыўся пяты па ліку ў Кітаі Цэнтр даследвання Беларусі. У прывітальнай прамове Яго Эксцэленцыя адзначыў важную ролю Янкі Купалы ў развіцці беларускай і сусветнай культуры.

Студэнты, якія вывучаюць беларускую мову як спецыяльнасць, падрыхтавалі творчую праграму – дэкламавалі творы Янкі Купалы на беларускай мове і ў перакладзе на кітайскую.

Удзельнікі мерапрыемства агледзілі выстаўку міжнароднага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур”. Выстаўку, створаную адмыслова для экспанавання ў Кітаі, прэзентаваў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, першую выстаку музей экспанаваў у Пекіне ў далёкім 1957 годзе, у часы першага дырэктара – Уладзіславы Луцэвіч, жонкі паэта. Сёлетні праект рэалізаваны ў год, калі музей святкуе 75 юбілей дзейнасці па захаванні і папулярызацыі спадчыны Янкі Купала на Беларусі і ў свеце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *