30 мая ў Мікалаеўскім абласным краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Йшла доля беларуса з доляй украінца…”

Выстаўка прысвечана шматбаковым і разнастайным творчым узаемасувязям беларускага паэта з украінскай літаратурай і адбываецца ў рамках міжнароднага выставачнага праекта “Янка Купала. У дыялогу культур”.

Украінскі пісьменнік Тэрэнь Масэнка, сябра Янкі Купалы пісаў:

Калі ўкраінца свабоды зара

У магутнай сям’і з беларусам з’яднала,

Згадаўшы Шаўчэнку – свайго кабзара,

Мы кажам: кабзар Беларусі – Купала.

Дыялог культур краін-суседак, краін-сябровак, распачаты Янкам Купалам, працягваецца і сёння.

У аснову выстаўкі пакладзены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, а яе стрыжнем, безумоўна, стала любоў беларускага паэта да творчасці Шаўчэнкі. Падцвярджэннем таму з’яўляюцца словы паэта: “Украінскую літаратуру, відаць, я люблю больш, чым якую-небудзь іншую… З украінскіх паэтаў, больш за ўсё, безумоўна, люблю Шаўчэнку”.