8 чэрвеня ў Літоўскім музеі тэатра, музыкі і кіно адбылася прэзентацыя выставачнага праекта «Зорка згасне – дзве ўскрэсне»

Выстаўка адлюстроўвае асабісты ўдзел і ўплыў творчасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы на фарміраванне нацыянальнага тэатра ў гістарычнай панараме ХХ–ХХI стагоддзяў.
Месца правядзення выставы невыпадковае. Менавіта ў Вільні, цэнтры нацыянальнага адраджэнскага руху, быў створаны Беларускі музычна-драматычны гурток. Таварыства аб’яднала людзей розных прафесій, сацыяльнага паходжання дзеля вяртання беларускага слова на прафесійную сцэну, кульмінацыйным момантам якога стала прэм’ера “Паўлінкі” Янкі Купалы ў 1913 годзе.
У выставе паказаны ўнікальныя рарытэты з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: тэатральныя афішы, сцэнічныя касцюмы, фотаздымкі славутых пастановак “Паўлінкі”, “Раскіданага гнязда”, “Тутэйшых”. Купалавы творы, увасобленыя на сцэне, сталі сапраўднай школай акцёрскага майстэрства для некалькіх пакаленняў зорак нацыянальнага тэатра.
Упершыню шырокай публіцы прадстаўлены дакументы з Літоўскага архіва літаратуры і мастацтва (Вільнюс), якія раскрываюць цікавыя падрабязнасці дзейнасці Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў 1911–1915 гадах і яго сяброў: Алеся Бурбіса, Ігната Буйніцкага, Барыса Даніловіча, Леапольда Родзевіча, Францішка Аляхновіча, Паўліны Мядзёлкі, Змітрака Бядулі, Янкі Купалы і яго будучай жонкі Уладзіславы Станкевіч.
Рэалізацыя дадзенага праекта стала магчымай дзякуючы падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь ў Літоўскай Рэспубліцы.
Выстава дзейнічае да 7 верасня 2017 года па адрасе: Вільнюс, вул. Вільняўс, 41.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *