Паэт

«Нельга ўявіць беларускі народ без такой велічнай постаці, як Янка Купала, чыя паэзія дае ўяўленне аб найважнейшых рысах беларускага характару — чалавечай годнасці, духоўнасці і талерантнасці.»

Якуб Колас

Юны Янка Купала Юны Янка Купала
Нараджэнне

У кожнага народа ёсць песняры, прарокі, што сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю, даючы мэту і сэнс існавання не аднаму пакаленню. Яны становяцца сімваламі свайго народа. Для беларусаў такім сімвалам з’яўляецца Янка Купала (1882 — 1942).

Нарадзіўся будучы паэт у фальварку Вязынка Мінскага павету Мінскай губерніі (цяпер — Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Янка Купала — літаратурны псеўданім Івана Дамінікавіча Луцэвіча, які быў падказаны яму ўласнай датай нараджэння — 25 чэрвеня (7 ліпеня). Менавіта ў гэты дзень беларусы адзначаюць авеянае легендамі старажытнае свята Купалле.

Янка Купала ў 1908 годзе Янка Купала ў 1908 годзе
Пачатак літаратурнай дзейнасці

Пачатак літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы звязаны з публікацыяй у 1905 г. у мінскай газеце «Северо-западный край» верша «Мужык».

У 1908 г. у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшаў першы зборнік твораў паэта «Жалейка», дзе быў змешчаны верш «А хто там ідзе?», які адразу набыў статус нацыянальнага гімна. Зборнік з энтузіязмам быў успрыняты беларускай грамадскасцю.

Першае 10-годдзе творчай дзейнасці Янкі Купалы стала вызначальным для яго самасцвярджэння як нацыянальнага песняра, выразніка дум і пачуццяў беларускага народа. Гэты перыяд жыцця і творчасці паэта быў цесна звязаны з Вільняй і Санкт-Пецярбургам.

У 1908 — 1909 гг. Янка Купала жыве ў Вільні, працуе ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва» і прыватнай бібіліятэцы Барыса Даніловіча «Веды», з кастрычніка 1913 г. (пасля паўторнага прыезду) — у «Беларускім выдавецкім таварыстве», а з сакавіка 1914 г. па жнівень 1915 г. займае пасаду рэдактара-выдаўца «Нашай Нівы».

Янка Купала адразу ўключаецца ў агульную з нашаніўцамі працу па беларускім адраджэнні. Акрэсліваецца адна з цэнтральных тэм усёй яго творчасці — тэма Бацькаўшчыны, станаўлення дзяржаўнасці Беларусі, якая займае свой «пачэсны пасад між народамі». У Вільні напісаны многія творы паэта, якія ўвайшлі ў залаты фонд класічнай спадчыны, а «Наша Ніва» данесла Купалавы вершы ў самыя глухія куткі Беларусі і за яе межы. Менавіта са старонак гэтай газеты паэт атрымаў магчымасць «з цэлым народам гутарку весці».

У снежні 1909 г. па запрашэнні прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы Янка Купала пераязджае ў Санкт-Пецярбург, дзе жыве звыш трох гадоў. Тут малады паэт працуе на Казённым вінзаводзе № 3, у Публічнай бібліятэцы, наведвае заняткі вячэрніх агульнаадукацыйных курсаў Аляксандра Чарняева, прымае ўдзел у рабоце Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага імператарскага ўніверсітэта. І вельмі шмат піша, асабліва, калі летам прыязджае да матулі на Лагойшчыну, у Акопы.

Менавіта ў гэтыя гады ў Санкт-Пецярбургу напісана паэма «Курган», выдадзены зборнікі «Гусляр» (1910) і «Шляхам жыцця» (1913), асобнымі выданнямі ўбачылі свет драматычныя паэмы «Адвечная песня» (1910) і «Сон на кургане» (1912). У Акопах з’явіліся паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і Я», «Гарыслава» (незавершаная), п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», «Прымакі», вялікая колькасць вершаў.

Янка Купала ў 1916 годзе Янка Купала ў 1916 годзе
Другое паэтычнае дыханне

У пачатку 1916 г. Янка Купала быў мабілізаваны ў армію. Служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Полацку.

У канцы 1917 г. пераехаў у Смаленск, дзе працаваў агентам па забеспячэнні ў харчовым камітэце Заходняй вобласці. Гэта быў асабліва складаны перыяд у жыцці паэта-грамадзяніна, бо яго хвалявала, а ці будзе мець Беларусь незалежнасць, дзяржаўнасць. Другое паэтычнае дыханне прыйшло да Купалы вясной 1918 г. Пасля працяглага перапынку.

Янка Купала загаварыў са сваім народам магутнай мовай паэзіі: з’явіліся такія знакамітыя творы Песняра, як «Спадчына», «Свайму народу», «У дарозе», «На сход!», «Паязджане», «Мая вера», «Паўстань» і інш., што склалі змест зборніка «Спадчына».

У студзені 1919 г. Янка Купала пераехаў у Мінск. Як паэт і публіцыст актыўна выступаў у прэсе (газетах «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Савецкая Беларусь», часопісе «Рунь»). З 1921 г. удзельнічаў у грамадскім, культурным і навуковым жыцці краіны, у тым ліку ў стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута беларускай культуры, рэспубліканскіх выдавецтваў, нацыянальнага тэатра.
У гэты перыяд — перыяд вырашэння пытання дзяржаўнасці Беларусі — Купала ўзвысіўся як выразнік народна-дэмакратычных ідэй, пясняр маладой Беларусі, лідар беларускага адраджэння.

Янка Купала ў 1925 годзе Янка Купала ў 1925 годзе
Пачатак 20-х гг. ХХ ст.

Публіцыстыка Купалы пачатку 20-х гг. ХХ ст. утрымлівае асноўныя ідэйныя палажэнні, закладзеныя ў падмурак фарміравання беларускай дзяржаўнасці. Палымяныя, смелыя, адметныя сваім стылем і складам артыкулы Купалы былі перапоўнены адной ідэяй: Беларусь павінна быць незалежнай!

«Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу»

Сцвярджаў Янка Купала

Янка Купала ў 1941 годзе Янка Купала ў 1941 годзе
Смерць паэта

Падчас Вялікай Айчыннай вайны паэт жыве ў Маскве і Падмаскоўі, потым у Пячышчах каля Казані. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, ён не спыняе актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці: народны Песняр становіцца на чале духоўнага супраціўлення фашысцкай агрэсіі, якая хацела пазбавіць беларускі народ самага дарагога — Бацькаўшчыны. Янка Купала піша палымяныя звароты да насельніцтва акупаваных раёнаў, да партызанаў.

Усяляе веру ў перамогу над крыважэрным ворагам, «Гітлерам ашалелым».

Янка Купала горача верыў у перамогу свайго народа. Але пабачыць родную Беларусь вызваленай ад чужынцаў, яму не было наканавана. 28 чэрвеня 1942 г. першы народны паэт Беларусі Янка Купала трагічна загінуў, упаўшы з лесвічнай пляцоўкі дзевятага паверха гасцініцы «Масква». Пахавалі яго 1 ліпеня 1942 г. на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а праз дваццаць гадоў прах паэта быў перавезены на радзіму і пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.