Біяграфія

НараджэннеПачатак літаратурнай дзейнасціДругое паэтычнае дыханнеПачатак 20-х гг. ХХ ст.

1904
У кожнага народа ёсць песняры, прарокі, што сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю, даючы мэту і сэнс існавання не аднаму пакаленню. Яны становяцца сімваламі свайго народа. Для беларусаў такім сімвалам з’яўляецца Янка Купала (1882 – 1942).

Нарадзіўся будучы паэт у фальварку Вязынка Мінскага павету Мінскай губерніі (цяпер – Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Янка Купала – літаратурны псеўданім Івана Дамінікавіча Луцэвіча, які быў падказаны яму ўласнай датай нараджэння – 25 чэрвеня (7 ліпеня). Менавіта ў гэты дзень беларусы адзначаюць авеянае легендамі старажытнае свята Купалле.

Пачатак літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы звязаны з публікацыяй у 1905 г. у мінскай газеце “Северо-западный край” верша “Мужык”.

У 1908 г. у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша аконца” выйшаў першы зборнік твораў паэта “Жалейка”, дзе быў змешчаны верш “А хто там ідзе?”, які адразу набыў статус нацыянальнага гімна. Зборнік з энтузіязмам быў успрыняты беларускай грамадскасцю.

Першае 10-годдзе творчай дзейнасці Янкі Купалы стала вызначальным для яго самасцвярджэння як нацыянальнага песняра, выразніка дум і пачуццяў беларускага народа. Гэты перыяд жыцця і творчасці паэта быў цесна звязаны з Вільняй і Санкт-Пецярбургам.

1908
У 1908 – 1909 гг. Янка Купала жыве ў Вільні, працуе ў рэдакцыі газеты “Наша Ніва” і прыватнай бібіліятэцы Барыса Даніловіча “Веды”, з кастрычніка 1913 г. (пасля паўторнага прыезду) – у “Беларускім выдавецкім таварыстве”, а з сакавіка 1914 г. па жнівень 1915 г. займае пасаду рэдактара-выдаўца “Нашай Нівы”.

Янка Купала адразу ўключаецца ў агульную з нашаніўцамі працу па беларускім адраджэнні. Акрэсліваецца адна з цэнтральных тэм усёй яго творчасці – тэма Бацькаўшчыны, станаўлення дзяржаўнасці Беларусі, якая займае свой “пачэсны пасад між народамі”. У Вільні напісаны многія творы паэта, якія ўвайшлі ў залаты фонд класічнай спадчыны, а “Наша Ніва” данесла Купалавы вершы ў самыя глухія куткі Беларусі і за яе межы. Менавіта са старонак гэтай газеты паэт атрымаў магчымасць “з цэлым народам гутарку весці”.

У снежні 1909 г. па запрашэнні прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы Янка Купала пераязджае ў Санкт-Пецярбург, дзе жыве звыш трох гадоў. Тут малады паэт працуе на Казённым вінзаводзе № 3, у Публічнай бібліятэцы, наведвае заняткі вячэрніх агульнаадукацыйных курсаў Аляксандра Чарняева, прымае ўдзел у рабоце Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага імператарскага ўніверсітэта. І вельмі шмат піша, асабліва, калі летам прыязджае да матулі на Лагойшчыну, у Акопы.

Менавіта ў гэтыя гады ў Санкт-Пецярбургу напісана паэма “Курган”, выдадзены зборнікі “Гусляр” (1910) і “Шляхам жыцця” (1913), асобнымі выданнямі ўбачылі свет драматычныя паэмы “Адвечная песня” (1910) і “Сон на кургане” (1912). У Акопах з’явіліся паэмы “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Яна і Я”, “Гарыслава” (незавершаная), п’есы “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Прымакі”, вялікая колькасць вершаў.

У пачатку 1916 г. Янка Купала быў мабілізаваны ў армію. Служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Полацку.

1916

У канцы 1917 г. пераехаў у Смаленск, дзе працаваў агентам па забеспячэнні ў харчовым камітэце Заходняй вобласці. Гэта быў асабліва складаны перыяд у жыцці паэта-грамадзяніна, бо яго хвалявала, а ці будзе мець Беларусь незалежнасць, дзяржаўнасць. Другое паэтычнае дыханне прыйшло да Купалы вясной 1918 г. Пасля працяглага перапынку.

Янка Купала загаварыў са сваім народам магутнай мовай паэзіі: з’явіліся такія знакамітыя творы Песняра, як “Спадчына”, “Свайму народу”, “У дарозе”, “На сход!”, “Паязджане”, “Мая вера”, “Паўстань” і інш., што склалі змест зборніка “Спадчына”.

У студзені 1919 г. Янка Купала пераехаў у Мінск. Як паэт і публіцыст актыўна выступаў у прэсе (газетах “Звон”, “Беларусь”, “Вольны сцяг”, “Савецкая Беларусь”, часопісе “Рунь”). З 1921 г. удзельнічаў у грамадскім, культурным і навуковым жыцці краіны, у тым ліку ў стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута беларускай культуры, рэспубліканскіх выдавецтваў, нацыянальнага тэатра.

У гэты перыяд – перыяд вырашэння пытання дзяржаўнасці Беларусі – Купала ўзвысіўся як выразнік народна-дэмакратычных ідэй, пясняр маладой Беларусі, лідэр беларускага адраджэння.

Публіцыстыка Купалы пачатку 20-х гг. ХХ ст. утрымлівае асноўныя ідэйныя палажэнні, закладзеныя ў падмурак фарміравання беларускай дзяржаўнасці. Палымяныя, смелыя, адметныя сваім стылем і складам артыкулы Купалы былі перапоўнены адной ідэяй: Беларусь павінна быць незалежнай! Ён сцвярджаў: “Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу”.

1925

Падчас Вялікай Айчыннай вайны паэт жыве ў Маскве і Падмаскоўі, потым у Пячышчах каля Казані. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, ён не спыняе актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці: народны Песняр становіцца на чале духоўнага супраціўлення фашысцкай агрэсіі, якая хацела пазбавіць беларускі народ самага дарагога – Бацькаўшчыны. Янка Купала піша палымяныя звароты да насельніцтва акупаваных раёнаў, да партызанаў.

Усяляе веру ў перамогу над крыважэрным ворагам, “Гітлерам ашалелым”.

Янка Купала горача верыў у перамогу свайго народа. Але пабачыць родную Беларусь, вызваленай ад чужынцаў, яму не было наканавана. 28 чэрвеня 1942 г. першы народны паэт Беларусі Янка Купала трагічна загінуў, упаўшы з лесвічнай пляцоўкі дзевятага паверха гасцініцы “Масква”. Пахавалі яго 1 ліпеня 1942 г. на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, а праз дваццаць гадоў прах паэта быў перавезены на радзіму і пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.

Творчасць Янкі Купалы ад першага і да апошняга радка належыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры.

Якуб Колас падкрэсліваў, што “нельга ўявіць беларускі народ без такой велічнай постаці, як Янка Купала”, чыя паэзія дае ўяўленне аб найважнейшых рысах беларускага характару – чалавечай годнасці, духоўнасці і талерантнасці.

1941
Творы паэта сталі своеасаблівым мастом, што злучыў беларускую культуру з культурай сусветнай.

Яны ўвабралі ў сябе лепшыя здабыткі жывой беларускай культуры, мовы, мыслення, сталі паэтычным увасабленнем Беларусі.

Купалава творчасць заслужыла сусветнае прызнанне – пра гэта сведчыць шырокі грамадскі рэзананс, які яна выклікала ў многіх краінах. Творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш “А хто там ідзе?” гучыць на 84 мовах народаў свету.

Янка Купала і сёння народны Прарок, Пясняр, Паэт для кожнага з беларусаў.