Пасадка саджанцаў бэзу “Паўлінка”

7 ліпеня з нагоды дня нараджэння Янкі Купалы госці і сябры музея накіраваліся ў Лагойскі раён у філіял музея “Акопы”, каб прыняць удзел у адмысловай акцыі “Пасадка саджанцаў бэзу “Паўлінка” – сумесны праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дзевяць саджанцаў бэзу пасаджаны там, дзе расквітнеў геній паэта, дзе ён нарадзіўся як лірык сусветнага значэння і выдатны драматург. Менавіта ў гэтай маляўнічай мясціне створаны ўсе п’есы паэта, у тым ліку і славутая камедыя “Паўлінка”.

Кожную вясну будзе квітнець і бэз “Паўлінка”, які з любоўю пасадзілі для ўсіх аматараў творчасці паэта: дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка, народны артыст Беларусі Аляксандр Падабед, актрысы Купалаўскага тэатра, славутыя Паўлінкі: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Шпілеўская і Марта Голубева, а таксама пісьменнік, намеснік старшыні Беларускага фонда культуры Анатоль Бутэвіч. Самая вышэйшая ўзнагарода – гэта людская памяць. І беларусы прыносяць Янку Купалу гэты дар – сваю памяць праз чытанне яго твораў, праз адлюстраванне паэтычных радкоў на мастацкіх палотнах, праз стварэнне новых літаратурных шэдэўраў, новых бліскучых спектаўляў па яго п’есах, перадаючы гэтыя скарбы наступнаму пакаленню.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *