Праграмы

Інтэратыўны праект (гульня-віктарына) “У пошуках папараць-кветкі” для розных катэгорый наведвальнікаў:

  • “Рэч расказвае пра эпоху” (для дзяцей малодшага школьнага ўзросту);
  • “Мілыя вобразы” (для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту);
  • “Фотакалейдаскоп” (для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту);
  • “Яго Вялікасць Слова” (для моладзевай і дарослай катэгорыі наведвальнікаў).

Установа запрашае наведаць музейныя заняткі ў новым, незвычайным фармаце, пабудаваныя ў форме гульні, у аснове якой – пошук. Кожнаму ўдзельніку прапануецца пуцяводнік з пытаннямі, адказы на якія ён можа адшукаць на экспазіцыі музея. Пытанні, сфармуляваныя разгорнута, з апавяданнямі пра эпоху, жыццё і творчасць Янкі Купалы, паглыбяць веды наведвальніка, бо ён не проста атрымлівае інфармацыю, але стварае новыя веды шляхам адкрыцця. Гульня прадугледжвае момант спаборніцтва: вызначаюцца пераможцы, якія атрымліваюць памятны прыз. Каб забяспечыць добры настрой кожнага з удзельнікаў, ім уручаюць “Папараць-кветку”, зробленую ў тэхніцы арыгамі. Стварае атмасферу каларытнага свята і вядучая гульні – Паўлінка, супрацоўніца музея ў нацыянальным строі. Гульня дазваляе кожнаму наведвальніку правесці асабістае даследаванне і пераканацца, што музей можа быць займальным і поўным дзіўных адкрыццяў.

Цыкл музейна-педагагічных заняткаў з элементамі тэатралізацыі “Дзядзька Янка, добры дзень!” для дзяцей малодшага школьнага ўзросту і сямейнага наведвальніка:

  • “Прывітанне, музей!”

Падчас занятка наведвальнікі знаёмяцца з музеем як скарбніцай сакрэтаў, якія раскрываюцца толькі самым дапытлівым, з музейнай тэрміналогіяй, правіламі паводзінаў у музеі; у гульнёвай форме падаецца інфармацыя пра дзяцінства Яся Луцэвіча.

  • “Адкуль пайшоў Купалаў род”

Падчас занятка наведвальнікі атрымліваюць магчымасць даведацца пра шляхецкі род Луцэвічаў, герб “Навіна”, гісторыю знаёмства бацькоў будучага паэта.

  • “Захапленні Яся”

Лялька-экскурсавод раскажа наведвальнікам пра захапленні Яся Луцэвіча.

  • “Па Купалаўскіх мясцінах”

Наведвальнікі ў суправаджэнні лялькі-экскурсавода атрымліваюць магчымасць здзейсніць інтэрактыўнае падарожжа па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Янкі Купалы.

Музейная інтэрактыўная праграма “Вячоркі ў Купалавым доме” паводле беларускіх народных традыцый і твораў Янкі Купалы

Прадастаўляе наведвальнікам магчымасць прыняць удзел у беларускіх вячорках, якія былі адметнай з’явай грамадскага побыту сялянскай моладзі шлюбнага ўзросту і служылі сродкам працоўнага і эстэтычнага выхавання; у праграме майстар-клас па выцінанцы, майстар-клас па вырабу лялек, народныя гульні, майстар-клас па старадаўніх беларускіх танцах, пачастунак і інш.; месца правядзення – філіялы “Вязынка”, “Яхімоўшчына”.

Культурна-адукацыйны праект “Музейныя хованкі. 5 музеяў за 5 дзён” для моладзевай катэгорыі наведвальнікаў (сумесна з літаратурнымі музеямі сталіцы)

Праект ажыццяўляецца ў незвычайным фармаце: самастойнае падарожжа па літаратурных музеях сталіцы з пуцяводнікам. Выканаць заданні з пуцяводніка наведвальнікам дапамогуць музейныя экспазіцыі. Асаблівасцю падарожжа па літаратурных музеях з’яўляецца магчымасць звярнуцца да аўтографаў пісьменнікаў, іх асабістых рэчаў, фотаздымкаў, што ўзмацняе агульнае ўспрыняцце як творчай спадчыны пісьменнікаў, так і гісторыі ў цэлым. Падарожжа пакіне ў наведвальнікаў станоўчыя ўражанні, створыць адчуванне свята, выклікае разуменне таго, што добра правесці час можна не толькі дома перад тэлевізарам, а і ў музеі, далучыўшыся да вывучэння культуры роднага краю.