Грамадска-культурныя акцыі
“Чытаем Купалу разам”
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае ўсіх прыняць удзел у грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам”,асноўная мэта якой – аб’яднаць беларусаў жывым і мілагучным Купалавым словам, якое засталося нам у спадчыну.
Знаёмства з беларускай культурай для многіх прадстаўнікоў іншых народаў пачынаецца менавіта з Купалавых твораў, бо ў сваёй творчасці ён увасобіў самабытную беларускую душу, яго паэзія асэнсоўвае быццё людзей беларускай зямлі, самой Беларусі як часткі вялікага свету.
Янка Купала далучыў беларускую культуру да сусветнай, дзякуючы яго творчасці беларускую літаратуру ведаюць у многіх краінах. Творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Адзін толькі верш «А хто там ідзе?» гучыць на 84 мовах свету.
У нашай акцыі прымаюць удзел: прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, партнёры і сябры музея, паэты і барды, акцёры вядучых беларускіх тэатраў, студэнты сталічных ВНУ, школьнікі.
“У дыялогу культур”
Акцыя “У дыялогу культур” прымеркавана да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўя.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Родная мова нясе ў сабе жывую памяць народа, яго духоўнасць, з’яўляецца скарбніцай звычаяў і традыцый, перадаваемых з глыбіні стагоддзяў ад пакалення да пакалення. Гэта тая вечная спадчына, да якой неабходна ставіцца беражліва.
Дзяржавы-члены ЮНЕСКА ва ўсім свеце выконваюць важную ролю ў падтрымцы родных моў праз свае нацыянальныя ўстановы і арганізацыі дзеля збліжэння культур.
Запрошаныя госці – прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Рэспубліцы Беларусь, – чытаюць вершы сваіх нацыянальных паэтаў на родных мовах, а таксама вершы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў перакладах.
Літаратурна-музычны вечар садзейнічае паразуменню моўных і культурных традыцый ва ўсім свеце.