Музейна-педагагічныя праграмы

“У пошуках папараць-кветкі” (гульня-віктарына)

Адной з інтэрактыўных формаў працы, якую ўжо сёння можа прапанаваць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, з’яўляецца інтэрактыўны музейны занятак, пабудаваны ў форме гульні «У пошуках папараць-кветкі».

01 DSC_0558

У аснове гульні – пошук. Кожнаму ўдзельніку прапануецца пуцяводнік з пытаннямі, адказы на якія можна знайсці на экспазіцыі музея. Гэта актывізуе разумовую дзейнасць наведвальніка, пабуджаючы звярнуцца да асабістага багажу атрыманых ведаў, жыццёвага вопыту, прадугледжвае эмацыйны ўздым, які забяспечваецца момантам самастойнага адкрыцця. Пытанні, сфармуляваныя разгорнута, з элементамі аповеду аб біяграфіі Янкі Купалы, яго творчасці, павялічвае веды кожнага ўдзельніка гульні, які атрымлівае новую інфармацыю шляхам пошуку і адкрыцця.

IMG_0594 IMG_0632

На выпадак, калі ў гульцоў узнікне неадольная перашкода ў выглядзе незразумелага ім пытання ці цяжкасці пры пошуку экспаната на дапамогу прыйдзе пастаянны ўдзельнік гульні – «Знаўца», супрацоўнік музея, які падкажа і зарыентуе. Удзельнікі ўцягнуты ў актыўны пошук, таму што гульня прадугледжвае момант суперніцтва: вызначаюцца пераможцы, якім уручаецца памятны прыз. Стварае атмасферу каларытнага свята і вядучы гульні – супрацоўніца музея ў народным строі.

IMG_0647 IMG_1829

Гульня ўключае ў сябе некалькі ўзроўняў, аб’яднаных характарам экспанатаў: прадметы, мастацкія працы, фотаздымкі, кнігі і рукапісы, што дазваляе вар’іраваць гульню ў залежнасці ад узросту, адукацыйнага і культурнага ўзроўню кожнай групы наведвальнікаў. Каб забяспечыць камфортны эмацыйны стан кожнага ўдзельніка ў завяршэнні гульні, усім ўручаюць «папараць-кветку» – папяровую кветку, выкананую ў тэхніцы арыгамі.

Музейны занятак ў форме гульні пакідае ў людзей станоўчыя эмоцыі, стварае адчуванне свята, што дае ўпэўненасць у перспектыўнасці такой формы працы, яе станоўчай ролі ў фарміраванні гістарычнай свядомасці асобы, актуалізацыі гісторыка-культурнай спадчыны.

“Вячоркі”

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае прыняць удзел у традыцыйных беларускіх “Вячорках”, якія былі адметнай з’явай у побыце вясковай моладзі вясельнага ўзросту і служылі сродкам працоўнага і эстэтычнага выхавання.

Прапаноўваем удзельнікам Вячорак прыняць актыўны ўдзел у праграме: зрабіць ляльку-абярэг з нітак і тканіны, якую вы потым зможаце падарыць сваім родным, сябрам ці проста пакінуць сабе на добрую памяць; развучыць народныя песні і танцы пачатку 20 стагоддзя, паўдзельнічаць у народных гульнях “Явар”, “Падушачка” і іншыя.

Мы прапануем наведаць даўні звычай беларускіх сялян, які вельмі падабаўся Янку Купалу. Запрашаем усіх на Вячоркі!

IMG_0366 IMG_0388

«Гуканне вясны»

Ой, брала вясна у сонца ключы,

Адчыняла сырую зямельку,

Пускала на свет траву-мураву,

Адзявала ў лісце бярозы.

         Янка Купала (з паэмы “Яна і я”)

Каб зацікавіць наведвальнікаў традыцыямі і звычаямі беларускай народнай культуры супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы праводзяць музейна-педагагічны занятак для дзяцей малодшага школьнага ўзросту “Гуканне вясны” з каляндарна-абрадавага цыклу.

IMG_1222  IMG_1286

Кожны наведвальнік інтэрактыўнага занятка пагартае беларускі каляндар, пазнаёміцца з гісторыяй назваў месяцаў, са святамі “Гуканне вясны”, “Купалле”, “Багач”, “Каляды”, праслухае ўрыўкі з вершаў Янкі Купалы, прысвечаныя ўсім порам года. На памяць аб свяце ўсе вырабляюць веснавую птушачку з паперы, а затым, падкідваючы яе ўгару, разам спяваем:

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце,

Бо зімачка надаела,

Нам хлебушак пераела.

IMG_1243 IMG_1829

Важным момантам падчас “Гукання вясны” у беларусаў было, канешне, паленне агню. Складалі вогнішча з усялякай старызны і спявалі ля яго песні-вяснянкі. Настаўнікі і вучні не маглі ўявіць, як можна абысціся без гэтай магічнай дзеі! Вяснянкі, супрацоўніцы музея ў народных строях, і на гэты раз здзівілі: прапанавалі вучням кавалачак старога адзення, які трэба было завязаць на вяроўку, замацаваць яе на самае сапраўднае пудзела Марэну (з саломы і ў чалавечы рост) і прамовіць магічныя словы, каб усе хваробы і няшчасці сышлі разам з зімою. Вось тут і з’явілася ўпэўненасць у тым, што вялікую сілу мае не толькі агонь ды вада, а яшчэ і слова.

Падчас правядзення занятка дзеці даведаюцца, што быў і абрад “затанцоўвання” вясны. Мы водзім карагод вакол багіні вясны Лялі. Беларусы верылі, што калі вясна добра ўбярэцца ў сілу, калі мінецца першае з вясновых свят – дзень прылёту жаваранкаў (22 сакавіка) – тады Ляля адкрыецца людзям, а з’яўляецца яна перад імі маладзенькай дзяўчынай. А колькі задавальнення выклікаюць вясёлы танец-гульня “Грушка”!

IMG_1892 IMG_1910

На працягу свята, у адпаведнасці з традыцыямі “Гукання вясны”, паўсюль разносіліся звонкія і радасныя песні-вяснянкі. Напрыканцы кожнага радка такой песні гучала доўгае і працяглае “Гу-у-у”, якое падхопліваў кожны, ускінуўшы пры гэтым абедзве рукі ўверх. Адсюль, дарэчы, і назва свята “ГУ-канне вясны”.

“Калядкі ў Купалавым доме”

Зіма – пара, калі дні становяцца ўсё карацейшымі і прыходзіць самая доўгая ноч года (21 снежня), і нараджаецца новы астранамічны год: “сонца паварочвае на лета, а зіма на мароз”, як кажа народная прымаўка. Снежань прыносіць нам самыя радасныя святы года – Каляды і Новы Год.

IMG_3032 IMG_3081

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае адзначыць святы разам і прыняць удзел у культурна-адукацыйным мерапрыемстве “Калядкі ў Купалавым доме”.

Мы будзем рады бачыць нашых маленькіх сяброў з настаўнікамі, татамі і мамамі, бабулямі і дзядулямі! Прапаноўваем: павадзіць карагоды з калядоўшчыкамі, паспяваць ды патанчыць, прыняць удзел у актыўных гульнях.

IMG_4509 IMG_9639

Кожны зможа загадаць запаветнае жаданне, калі пасябруе з Казой і дакранецца да яе чароўнага рога! Маленькія госці не застануцца абыякавымі да прагляду навагодняга лялечнага спектаклю “У пошуках Снягуркі”. І канешне, свята не адбудзецца без сюрпрызаў і памятных падарункаў!

IMG_0588 IMG_0562

Запрашаем усіх на “Калядкі ў Купалавым доме”!

“Купальская ноч у Купалавым доме”

Культурна-адукацыйны праект “Купальская ноч у Купалавым доме” праводзіцца напярэдадні Дня нараджэння паэта ў купальскую ноч. Але паколькі музей знаходзіцца ў цэнтры горада, наша свята мае ўрбаністычную скіраванасць.                                         Адкрываецца мерапрыемства звычайна ў парку купальскімі песнямі з элементамі традыцыйнага купальскага абраду ў выкананні вядомых калектываў. Працягваецца святкаванне музычна-паэтычнай праграмай, падчас якой гучаць аўтарскія песні, песні на словы Янкі Купалы і іншых беларускіх паэтаў у выкананні маладых музыкаў.

IMG_2141 IMG_2158

У гэты вечар наведвальнікаў чакаюць: выраб у тэхніцы арыгамі сімвала свята – кветкі папараці, майстар-клас па пляценні купальскіх вянкоў, конкурс на лепшы купальскі вянок, фэйс-арт.

Асаблівай папулярнасцю сярод наведвальнікаў карыстаецца майстар-клас па старадаўніх беларускіх танцах. Звычайна ён пачынаецца на экспазіцыі, але ахвотнікаў патанцаваць так шмат, што мы заўсёды перамяшчаемся ў парк. Вельмі радуе, што ў танцах прымаюць удзел наведвальнікі ўсіх узростаў – ад моладзі да пажылых людзей (самаму старэйшаму наведвальніку было 76 гадоў!).

IMG_2160 IMG_2166

IMG_3632 IMG_3691

Купалле – гэта гімн сонцу, напамін аб тым, што святло заўсёды перамагае цемру. Звычайна завяршалася купальская ноч назіраннем за ўсходам сонца, таму закрывае акцыю арт-дзеянне “Танец агню”, якое адбываецца ля ганка музея.

IMG_3778 IMG_9481