Прэзентацыя кнігі Льва Клейнбарта “Сустрэчы. Янка Купала” 7 кастрычніка 2021

7 кастрычніка 2021 года а 17-й гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Выдавецкі дом “Звязда” запрашаюць на прэзентацыю кнігі Льва Клейнбарта “Сустрэчы. Янка Купала”, якая выйшла ў серыі “Адрасы Беларусі ў свеце”.

Леў Клейнбарт (1875–1950) – пісьменнік, публіцыст, журналіст, першы біёграф Янкі Купалы, аўтар першай манаграфіі па гісторыі беларускай літаратуры “Маладая Беларусь”. З Песняром яго звязвалі агульныя сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, вынікам чаго сталася прыязнае сяброўства і рэалізаваныя творчыя задумы. Менавіта Леў Клейнбарт пазнаёміў паэта з мецэнатам Аляксандрам Ярэмічам, які дапамог ажыццявіць выданне кнігі “Шляхам жыцця”.

Унікальнае дзвюхмоўнае выданне рукапісных успамінаў Льва Клейнбарта, якія захоўваюцца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, убачыла свет напярэдадні XXVIII Дня беларускага пісьменства і ўпершыню было прадстаўлена чытачу на радзіме даследчыка, у Капыльскім раённым краязнаўчым музеі ў рамках выставачнага праекта “Сустрэчы”. Так споўнілася жаданне даследчыка, выказанае ў перапісцы з Уладзіславай Луцэвіч, каб яго кніга найперш была выдадзена на Беларусі і па-беларуску. Пераклад здзейсніў Алесь Карлюкевіч. Падрабязней пра лёс Льва Клейнбарта можна даведацца з грунтоўнай прадмовы Іны Соркінай і уступнага артыкула Ганны Запартыкі “Вы паэт, Янка, беларускі паэт”. Асноўны тэкст успамінаў, збагачаны каментарамі, дапаўняюць алічбаваныя старонкі рукапісу і аўтабіяграфічныя лісты Янкі Купалы да Льва Клейнбарта.

Кожны раздзел успамінаў ілюстраваны фотаздымкамі, дакументамі, мастацкімі работамі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Капыльскага раённага краязнаўчага музея.

Кніга Льва Клейнбарта “Сустрэчы. Янка Купала” – магчымасць убачыць паэта вачыма сучасніка, які цаніў яго як асобу і творцу, і па ўражаннях ад асабістых сустрэч і сяброўскіх гутарак пісаў: “Беларусь не толькі ў яго думках, у яго пачуццях, але і ў кожным моўным звароце, кожным гуку яго верша… Паэзія яго адна з тых хваляў, якія неслі на сваім грабяні нацыянальны рух”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *