28 лістапада адбылася прэзентацыя кнігі, прысвечанай народнай артыстцы Беларусі Марыі Захарэвіч

Выхад кнігі прымеркаваны да 80-годдзя адной з самых яркіх зорак нацыянальнай сцэны. Шмат гадоў Марыя Георгіеўна аддана служыць тэатру. За гэты час яна стварыла цэлую галерэю запамінальных жаночых вобразаў. “Мама Паўлінкі” – так пяшчотна называюць актрысу аматары яе творчасці і гледачы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якому яна аддана служыць з часоў заканчэння інстытута.

Марыю Захарэвіч нездарма называюць “каралевай радыё”, паколькі яе прыгожы і чароўны голас стаў упрыгажэннем шматлікіх радыёспектакляў і радыёэфіраў, падчас якіх яна пранікнёна чытала вершы беларускіх паэтаў.

“Год за годам, вобраз за вобразам – у тэатры, на тэлебачанні, у кіно, па радыё. Настойлівае творчае сталенне, уваход у заслужаную народнасць. Мы любім Вас, Маша, і нас вельмі многа, і Вы пра гэта ведаеце і сама”, – такімі цёплымі словамі Янкі Брыля пачынаецца кніга, якая ўбачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура” у лістападзе 2016 года.