«Слухаем класіка» — сумесны праект з каналам «Культура» Беларускага радыё

29 студзеня 2022 года канал «Культура» Беларускага радыё і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы распачынаюць сумесны праект “Слухаем класіка” з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі.

На першую сустрэчу ў эфіры запрошаныя народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсяннікаў і Марыя Захарэвіч. У падарунак слухачам Беларускага радыё ад мэтраў Купалаўскай сцэны прагучаць дэбютны верш Янкі Купалы “Мужык” (1905) і знакамітая “Спадчына” (1918), якая дала назву чацвёртаму паэтычнаму зборніку паэта, што быў выдадзены ў Мінску Беларускім кааператыўным таварвствам “Адраджэнне” 100 гадоў таму, у 1922 годзе.

На працягу юбілейнага года ў апошнюю суботу кожнага месяца ў аўтарскай праграме Навума Гальпяровіча “Прачулым радком” прагучаць ў эфіры творы Янкі Купалы са зборніка “Спадчына” ў выкананні артыстаў мінскіх тэатраў.

Мастацкую дэкламацыю вершаў класіка беларускай літаратуры будзе суправаджаць літаратурна-гістарычная даведка пра гісторыю стварэння паэтычных радкоў, падрыхтаваная навуковымі супрацоўнікамі музея.

Творчая спадчына Янкі Купалы – каштоўны здабытак беларускай і сусветнай культуры. У паэтычным свеце, створаным класікам нацыянальнай літаратуры Беларусі, увасобіўся духоўны скарб, назапашаны нашымі продкамі, гарманічна паядналіся найлепшыя здабыткі народнай паэтыкі і еўрапейскай літаратурнай традыцыі. Для суайчыннікаў ён стаў Прарокам адраджэння Бацькаўшчыны, а для нашых блізкіх і далёкіх суседзяў – голасам Беларусі.

Эфір: 08:05, 12:15; 23:00, апошняя субота месяца

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *