Выстава да Дня народнага адзінства «Верасень месяц…»

16–25 верасня 2021 года Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках святкавання Дня народнага адзінства ладзіць выставу “Верасень месяц…”, якая прысвечана падзеям верасня 1939 года ў жыцці і творчасці Янкі Купалы.

Выстава прэзентуе ўнікальныя памяткі тых дзён – фотаздымкі, рукапісы Янкі Купалы, друкаваныя выданні, датаваныя вераснем 1939 года.

Важная навіна пра ўз’яднанне беларускага народа заспела Янку Купалу далёка ад радзімы. 9–20 верасня паэт знаходзіўся ў Ерэване, удзельнічаў у святкаванні 1000-годдзя армянскага народнага эпасу “Давід Сасунскі”. Ужо 18 верасня быў апублікаваны яго артыкул “Вітаю мудрае рашэнне ўрада”. Праз лічаныя дні з’явіўся першы паэтычны водгук – верш “Верасень месяц…”, дзе сям’я, дзед, унук, бацька і маці ў роднай хаце гавораць з надзеяй на новае шчаслівае жыццё. Пазней у верасні-кастрычніку з’явілася яшчэ 12 вершаў з паметай “Ерэван – Мінск”, што хутка набылі шырокую вядомасць дзякуючы публікацыям у газеце “Звязда”.

Гэтыя вершы літаратуразнаўцы, сучаснікі паэта, адзначылі як найбольш прыкметную з’яву ў беларускай паэзіі 1930-х. Аб’яднаныя ў рубрыку “На заходнебеларускія матывы”, яны ўвайшлі ў апошні прыжыццёвы зборнік Янкі Купалы “Ад сэрца”.

У рамках выставы адбудзецца грамадска-культурная акцыя “Чытаем Купалу разам”, прысвечаная цыклу вершаў, натхнёных еднасцю беларускага народа.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *