Фотарэпартаж з вернісажа выстаўкі “Вечнае святло” з фондаў Літаратурнага музея Славацкай нацыянальнай бібліятэкі

Праект “Вечнае святло” створаны з нагоды 1150-годдзя місіі Кірыла і Мяфодзія, якая заклала фундамент пісьменства і асветы ўсяго славянскага свету. Асаблівым чынам Кірыла-Мяфодзіеўская традыцыя ўплецена ў гісторыю і культуру Славакіі – краіны, дзяржаўнасць якой мае вытокі ў слаўнай гісторыі Вялікай Маравіі.

Выстава “Вечнае святло” прадстаўляе Кірыла-Мяфодзіеўскую традыцыю як праяву нацыянальнай ідэнтычнасці славацкага народа, і акрэслівае яе ролю ў развіцці еўрапейскай культуры. Тэксты і вобразы, унікальныя гістарычныя дакументы і творы выяўленчага мастацтва, якія зберагае Славацкая нацыянальная бібліятэка (г. Марцін, Славакія), адлюстроўваюць розныя этапы развіцця і шматграннасці Кірыла-Мяфодзіеўскай традыцыі ў славацкай культуры, асабліва ў літаратуры, на працягу тысячагоддзя.

Стваральнікі выставы зрабілі спробу ахапіць усё багацце спадчыны Вялікай Маравіі, яе ролю ў гісторыі славацкай дзяржаўнасці і гэтым скласці даніну павагі святым Кірылу і Мяфодзію і Сямі апосталам Славакіі, якія сталі адданымі распаўсюджвальнікамі ідэй братоў з Салуні ў Балгарыі, Македоніі, Харватыі, Польшчы і іншых славянскіх землях. Выстава “Вечнае святло” – гэта таксама выраз удзячнасці тым, хто цягам адзінаццаці стагоддзяў зберагаў і адраджаў каштоўнасці Кірыла-Мяфодзіеўскай традыцыі. Вынікам шматгадовай працы Антона Берналака, Яна Колара і Паўла Ёзэфа Шафарыка, Людавіта Штура і іх паплечнікаў стала заснаванне першай нацыянальнай установы славакаў – Маціцы Славенскай у 1863 годзе, калі святкавалася 1000-годдзе прыходу святых Кірыла і Мяфодзія ў Вялікую Маравію.

Адроджаная Кірыла-Мяфодзіеўская традыцыя ў ХІХ стагоддзі стала сімвалам культуры і веры славацкага народа на радзіме і ў замежжы, а ў ХХ стагоддзі – асновай станаўлення незалежнай Славацкай Рэспублікі.