Віртуальная выстава «Новы год у народ» з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Снежань – плённы месяц для Янкі Купалы. Многія ягоныя творы былі напісаны менавіта тады. Перад Раством і Новым годам прыходзілася даваць сабе пэўную справаздачу пра мінулы час, жадалася лепшага не толькі ва ўласным жыцці, але і для роднага краю.
У святочны час было прынята наведваць блізкіх, родных, дарыць падарункі. У паэта было дванаццаць пляменнікаў і пляменніц. Да таго ж жонка Янкі Купалы працавала ў дзіцячых садках. Сястра творцы Леакадзія ўзгадвала, што выхаванцы садка часта наведвалі дом паэта:

“Калі маленькія сябры прыходзілі да цёці Уладзі, іх часта сустракаў Янка Купала. Яны яго любоўна называлі: “Тата цёці Уладзі”.

Паэт заўсёды частаваў дзяцей цукеркамі, печывам, яблыкамі. У доме Луцэвічаў ладзіўся самадзейны хор, якім кіравала Уладзіслава Луцэвіч. Спявалі песні, чыталі вершы “Юрачка”, “Ды скажу табе я, мама”, “Ветрык” і іншыя. Калі ва Уладзіславы Францаўны запыталіся, адкуль яна бярэ новыя мелодыі і песні, яна адказала:

“Сядзім бывае іншы раз дома з Янкам і выдумываем: ён словы падбірае, а я ўжо за кампазітара”.

Наша віртуальная выстава рукапісаў прадстаўляе падборку снежаньскіх вершаў Янкі Купалы з аповедам пра іх.

Новы год

Верш напісаны 24 снежня 1912 года, напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова. За савецкім часам да 1970-х гадоў, твор па цэнзурных меркаваннях друкаваўся у скарочаным выглядзе. Былі прыбраныя радкі, што “гібець прыходзіцца і нам”, “гэты год паходкай смелай / спляце, як той, такі ж ланцуг”.

Цару неба й зямлі

Верш упершыню апублікаваны ў 1920 годзе, але напісаны значна раней. Аўтограф напісаны лацінкай, што ўласціва самым раннім творам Купалы. Сам паэт у зборніку “Спадчына” назваў датай яго стварэння 24 снежня 1912 года, той жа дзень, калі напісаны верш “Новы год”. Паэт вядзе палеміку з Богам, патрабуючы даказаць Ягоную усемагутнасць справай Адраджэння Радзімы:

Вярні нам Бацькаўшчыну нашу,
Божа, Калі Ты цар і неба, і зямлі!

Прарок

Верш упершыню надрукаваны ў “Нашай Ніве” ў снежні 1912 года, калі і напісаны. Паэт паспеў уключыць твор ў зборнік “Шляхам жыцця” падчас вычыткі карэктуры кнігі. Апублікаваны верш і ў справаздачы Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Праўда, без самых вострых радкоў.

На Новы год

Упершыню верш апублікаваны ў “Беларускім календары “Нашай Нівы” на 1914 год”. Верагодна, напісаны ў канцы 1913 года. Паэт са сваімі роднымі жадае свабоды, долі для беларускага края. На жаль, 1914 год прынес пачатак Першай сусветнай вайны, бежанства і шматлікія ахвяры.

У Піліпаўку

Паэма ўпершыню з’явілася на старонках “Нашай Нівы” 18 снежня 1908 года з пазначэннем Вільні як месца напісання. Дзеянне адбываецца падчас піліпаўскага посту перад Калядамі. У гэты час царква забараняла гульні, забавы, не спраўляліся вяселлі. Выразка з урыўкам паэмы была адабрана паэтам у 1913 г. для ўключэння ў новы зборнік “Шляхам жыцця”.

На Новы 1920 год

Верш напісаны напярэдадні 1920 года. Паэт засмучаны тым, што на Радзіме ідзе вайна (“Ідзеш у край, дзе пажарышча”). І варагуюць паміж сабой сыны аднаго беларускага народа: адны на баку бальшавікоў, другія –  Польскай дзяржавы.

З Новым годам!

Хутчэй за ўсё, верш напісаны ў снежні 1921 года. Ужо ў наступным месяцы ён апублікаваны ў часопісе “Вольны сцяг”, фактычным рэдактарам якога быў Янка Купала. Гэта адзін з самых жыццярадасных навагодніх вершаў паэта.

Елачка
(“Ўзыйшла у лесе елачка…”)

У 1921 г. Янка Купала зрабіў пераклад папулярнай дзіцячай песенькі Р.А. Кудашавай. Твор быў надрукаваны ў першым нумары дзіцячага часопіса “Зоркі” за 1922 год. Гэта была яго адзіная прыжыццёвая публікацыя. Спадзяемся, што вядомая навагодняя песенька, перакладзеная паэтам, набудзе ў наш час сапраўдную папулярнасць.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *