Выстаўка «Меер Аксельрод. У лёгкіх фарбах ажывае час»

9 верасня 2021 года ў 18:00 Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на адкрыццё выставы “Меер Аксельрод. У лёгкіх фарбах ажывае час”, якая ладзіцца напярэдадні 120-годдзя мастака.

Творчасць Меера Аксельрода (1902–1970) належыць гісторыі яўрэйскага, беларускага і расійскага мастацтва. У Расіі і Ізраілі яго імя шырока вядомае, сотні яго работ зберагаюцца ў Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, Музеі Ізраіля. Працэс вяртання яго мастацтва на радзіму толькі пачынаецца. Меер Аксельрод нарадзіўся ў Маладзечна, але ў час І Сусветнай вайны сям’я вымушана выехала ў эвакуацыю. Па вяртанні на Беларусь у 1918 Аксельроды пасяліліся ў Мінску, на Юр’ева-Завальнай вуліцы ля старажытнага замчышча, бо родны горад быў за лініяй фронту, а з 1921 года – за мяжой.

У 1921 годзе на І Мастацкай выставе ў Мінску мастак прадставіў яркія замалёўкі яўрэйскіх кварталаў і могілак, партрэты і жанравыя сцэны.

У час вучобы на факультэце графікі Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрань (ВХУТЕМАС) у Маскве малады мастак становіцца сябрам таварыства “Чатыры мастацтвы”, яго работы экспануюцца па ўсім свеце. Сам жа мастак у пошуку характэрнага тыпажу, “шолам-алейхемаўскага каларыту” шмат вандруе па яўрэйскіх мястэчках Беларусі. Блізкае яго сэрцу асяроддзе мастак перадае ў партрэтных вобразах, спалучаючы дакументальную дакладнасць з кранальнай паэтычнасцю. Работы 1920-х, у якіх прадчуваецца трагізм і смутак страт, складаюць першую частку выставы.

У другую частку экспазіцыі ўвайшлі сямейныя партрэты – мастак стварыў пяшчотныя і выразныя вобразы каханай жонкі, пісьменніцы Рыўкі Рубінай, і дачкі, паэткі Алены Аксельрод.

Усе работы Меера Аксельрода, упершыню прадстаўленыя на выставе ў Мінску, захоўваюцца ў сямейнай калекцыі. Магчымасць убачыць іх жыхарам і гасцям горада падаравалі мастак Міхаіл Яхілевіч, унук майстра, і куратар праекта, мастацтвазнаўца і калекцыянер Аляксандр Радаеў. Праект ажыццёўлены пры падтрымцы Еўра-Азіяцкага Яўрэйскага Кангрэса.

Выстава працуе па 21 кастрычніка 2021 года.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *