Выстаўка «Мой кліч вечавы» да 90-годдзя Льва Гумілеўскага

3 верасня 2020 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы распачне работу выстаўка скульптуры “Мой кліч вечавы” да 90‑годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага.

“Колькі сябе памятаю, мастацтва мяне вабіла заўжды. Сёння мне падаецца, што нікім іншым, акрамя як скульптарам, я б не мог стаць. Да таго ж вельмі пашчасціла на настаўнікаў”, – казаў майстар у адным з інтэрв’ю.

Мастацкую адукацыю Леў Гумілеўскі атрымаў у Мінскім мастацкім вучылішчы (1955) і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1961). Яго настаўнікамі былі мэтры Аляксей Глебаў і Андрэй Бембель.

Плён таленту выдатнага скульптара добра вядомы і атрымаў высокую ацэнку. Леў Гумілеўскі з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) і прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2010), узнагароджаны сярэбраным медалём імя М. Грэкава (1983), медалём Ф. Скарыны (2010). Працуючы ў галіне станкавай і манументальнай скульптуры, Леў Мікалаевіч стварыў выдатныя работы, якія разгарнуліся ў мастацкі летапіс беларускай гісторыі і культуры. І значная старонка яго прысвечана творчай спадчыне і асобе Янкі Купалы.

Пачатак творчага шляху скульптара пазначаны работай у суаўтарстве з Анатолем Анікейчыкам і Андрэем Заспіцкім над стварэннем помніка Песняру, адкрытым у Купалаўскім парку Мінска ў 1972.

З 1990‑х Леў Гумілеўскі працуе ў творчым тандэме разам з сынам Сяргеем, які стаў прадаўжальнікам дынастыі скульптараў. Яны – аўтары помніка Янку Купалу ў Маскве (2007).

У стацыянарнай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы знаходзяцца праект маскоўскага помніка беларускаму класіку і скульптура Льва Гумілеўскага “Я адплаціў народу, чым моц мая магла…” – мастацкае асэнсаванне таямніцы смерці паэта. Падчас выстаўкі побач з імі будуць прадстаўлены работы бацькі і сына Гумілеўскіх са збораў музея: “Развітанне”, “А хто там ідзе?.. Янка Купала”, “Звон”, варыянт праекта помніка Янку Купалу ў Маскве. Выстаўка працуе да 30 снежня 2020 года.

Сардэчна запрашаем!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *