Выстаўка “У спадчыну ад роду засталіся песні”

5 сакавіка 2021 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы распачне работу выстаўка “У спадчыну ад роду засталіся песні” да 80‑годдзя з дня нараджэння Жанны Казіміраўны Дапкюнас, былога дырэктара музея, унучатай пляменніцы Янкі Купалы.

Жанна Казіміраўна нарадзілася 8 сакавіка 1941 года. З дзяцінства яна гадавалася ў атмасферы, адухоўленай імем Купалы, поўнай павагі да скарбаў беларускай культуры і літаратуры, адным з найярчайшых прадстаўнікоў якой быў паэт. Гэтае ўнікальнае асяроддзе фарміравалася найперш намаганнямі і нястомнай дзейнасцю Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, стваральніцы і першага кіраўніка Літаратурнага музея Янкі Купалы. Менавіта яе ўплыў, па сведчанні самой Жанны Казіміраўны, дапамог абраць жыццёвы шлях: “Пра пераемнасць у нашай сям’і ніколі не гаварылася. Але, як я памятаю, пачынаючы з дзесяці гадоў цёця Уладзя брала мяне з сабой паўсюдна на літаратурныя вечары, дзе знаёміла з беларускімі пісьменнікамі. Калі ж надышоў час паступаць ва ўніверсітэт, у мяне было жаданне звязаць сваё жыццё з музыкай або нават медыцынай, а Уладзіслава Францаўна сказала: “Толькі БДУ: беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта”. Яе меркаванне сталася сапраўды аўтарытэтным, не паслухацца яго было проста немагчыма”.

Па завяршэнні вучобы ў 1963 Жанна Казіміраўна прыйшла ў Літаратурны музей Янкі Купалы. Справа захавання творчай спадчыны першага народнага паэта Беларусі, ушанавання яго памяці стала для яе пакліканнем. За 42 гады працы ў музеі яна прайшла шлях ад навуковага супрацоўніка да дырэктара. Узначальвала працу па стварэнні экспазіцый Вязынкі (1972) і Ляўкоў (1977), кватэры-музея ў Пячышчах (Татарстан, 1975), музея “Над ракою Арэсай” у калгасе “Чырвоная змена” на Любаншчыне (1980), стацыянарнай экспазіцыі ў Мінску (1976), якая, у мадэрнізаваным выглядзе, дзейнічала да 2012 года. Пад яе кіраўніцтвам паўсталі філіялы “Акопы” і “Яхімоўшчына”, распачала сваю работу навуковая канферэнцыя Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Купалаўскія чытанні”, якая хутка набыла статус міжнароднай. Яна ініцыятар стварэння ландшафтнага заказніка “Купалаўскі” ў Лагойскім і Мінскім раёнах, заснавальніца грамадскай арганізацыі “Міжнародны фонд Янкі Купалы”.

Арыгінальныя фотаздымкі і дакументы з музейнага збору прадставяць знакавыя вехі на жыццёвым і працоўным шляху Ж.К. Дапкюнас, выдатнага купалазнаўцы і музейшчыка, прадаўжальніцы сямейных і музейных традыцый, асновы якіх былі закладзены У.Ф. Луцэвіч.

Выстаўка экспануецца ў стацыянарнай экспазіцыі музея да 31 сакавіка 2021 года. Сардэчна запрашаем!

(017) 337 99 54, Варонава Галіна

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *