Выстаўка «Вандроўка з класікамі»

9 ліпеня 2020 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы пачала працаваць выстаўка “Вандроўка з класікамі” да 70‑годдзя з дня нараджэння мастака Уладзіміра Сулкоўскага (1950 – 2013).

Творца нарадзіўся у Брэсце, працаваў у станкавым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, нацюрморта. З 1972 года прымаў удзел у мастацкіх выстаўках, многія ягоныя творы знаходзяцца ў музеях Беларусі, Польшчы, Расіі. У юбілейнай экспазіцыі будзе прадстаўлена калекцыя работ майстра, якая зберагаецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы – ілюстрацыі да выданняў, прысвечаных жыццёваму і творчаму шляху Янкі Купалы і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Важнае месца ў творчасці У.Сулкоўскага займае слова і вобраз Янкі Купалы. З любоўю адлюстраваў мастак незабыўную Вязынку, яе ваколіцы, інтэр’ер роднай хаты з калыскай, дзе гушкалі малога Яся. Сярод прац, прысвечаных Песняру ў гады віленскага і пецярбургскага жыцця, вылучаецца “Партрэт Янкі Купалы” (2007). У графіцы адоранага майстра паўстае вобраз паэта ў самым росквіце таленту – аўтара такіх шэдэўраў нацыянальнай класікі, як паэмы “Курган”, “Сон на кургане”, п’есы “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”. Вобразы Гусляра і Паўлінкі знайшлі адлюстраванне ў творах мастака. Малюнкі “Дварцовая плошча ў Санкт-Пецярбургу”, “Пецярбург, набярэжная Нявы” ўзнаўляюць горад вучобы і творчага сталення Купалы. Можна ўявіць і шлях, якім паэт любіў штодзень прайсціся перад сном: ад Тучкова да Палацавага маста ля стрэлкі Васільеўскага вострава.

Цыкл малюнкаў, прадстаўленых на экспазіцыі, прысвечаны выдатнаму майстру беларускага мастацкага слова і лепшаму сябру Янкі Купалы Якубу Коласу. А замалёўкі старога Мінска нібы запрашаюць у вандроўку разам з сябрамі-паэтамі.

З Мінскам звязана імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дзякуючы майстэрству графіка паўстаюць абрысы Мінска, Бабруйска, і Вільні сярэдзіны ХІХ ст. У ілюстрацыях ажываюць сцэны знакамітай камедыі “Пінская шляхта”.

Выстаўка працуе да 30 ліпеня 2020 года.

Сардэчна запрашаем!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *