Выстава работ мастака Віктара Данілава “Мой родны кут”

7 чэрвеня 2022 года ў 13.00 у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” пачне працу выстава работ мастака Віктара Данілава “Мой родны кут”.

Вязынка – знакамітае месца нараджэння Янкі Купалы. У 1945 годзе ў Вязынцы заснаваны філіял музея Янкі Купалы і з 1948 года па сённяшні дзень адкрыты для наведвальнікаў. Хата, у якой нарадзіўся паэт, краявіды, сярод якіх рос будучы класік, здаўна вабяць мастакоў і фатографаў.

Сёлета на выставе ў рэканструяваным свіране прадстаўляе свае работы жыхар блізкай ад Вязынкі вёскі Пятрышкі мастак Віктар Данілаў. Яго работы, створаныя ў розныя часы году ў жанры архітэктурнага пейзажу, адлюстроўваюць Вязынку і яе ваколіцы, маляўнічыя куткі Заслаўя, Радашковічаў, Маладэчна.

“Амаль заўжды пішу з натуры эцюд-карціну алеем або акварэллю”, –  кажа пра сябе Віктар Данілаў, – “Архітэктурны пейзаж – мой любімы жанр, дзе трывала зліваюцца гісторыя, дойлідства і прырода”.

Жыццё Віктара Данілава непарыўна звязана з Расіяй і Беларуссю. Мастак нарадзіўся 13 жніўня 1946 года ў горадзе Сучан Прыморскага края, у горадзе Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці скончыў сярэднюю школу і некаторы час працаваў токарам на радыёзаводзе. Але месца для вучобы абраў у Беларусі – ў 1970 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава. Па размеркаванні пасля вучобы апынуўся ў Мінску, дзе і застаўся на 40 год працаваць у сферы адукацыі – спачатку настаўнікам малявання ў сярэдняй школе, потым выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Ён напісаў дзясяткі навукова-метадычных распрацовак, тыпавых і аўтарскіх вучэбных праграм. Мастак з’яўляецца членам Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, а таксама Еўразійскай мастацкай садружнасці.

Выстава працуе да кастрычніка 2022 года.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *