Выстава “Stankiewičanka”, да 130-годдзя з дня нараджэння Уладзіславы Францаўны Луцэвіч

4 лістапада 2021 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрываецца выстава “Stankiewičanka”, прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы і першага дырэктара прысвечанага яму музея ў Мінску, ініцыятара музеефікацыі Вязынкі, Ляўкоў, ушанавання памяці паэта на Беларусі і ў замежжы.

Уладка, цёця Уладзя, Уладзіслава Францаўна, Купаліха вядомая перш за ўсё як жонка вялікага паэта Беларусі. Менавіта яна стварала ўтульную і надзвычай гасцінную атмасферу ў Купалавым доме. Два прыжыццёвыя партрэты Уладзіславы Луцэвіч аўтарства мастака Пётры Сергіевіча стануць мастацкім акцэнтам выставы.

У юнацтве дачка ляснічага Франца Станкевіча з Вішнева і францужанкі Эміліі Манэ падпісвалася на візітоўках Уладка Станкевічанка і была яркай постаццю ў беларускім культурным жыцці першай паловы XX ст., удзельніцай Віленскага беларускага музычна-драматычнага гуртка. Таленавіты педагог – “дзіцячая садоўніца” – яна арганізоўвала дзіцячыя прытулкі і беларускія школкі ў Вільні, у эвакуацыі ў Маскве, а ў 1920-я – узорныя дашкольныя ўстановы у Мінску.

Пасля гібелі Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна была прызначана адказным сакратаром камісіі па ўвекавечанні памяці паэта. Яна занялася пошукам рэчаў і дакументаў Янкі Купалы у архівах, бібліятэках і прыватных калекцыях. “Шмат сіл і энергіі траціла Уладзіслава Луцэвіч, каб сабраць усё, што ёсць на руках у людзей: кніжкі, пісьмы, фатаграфіі, – адным словам, усё пра Купалу, для яго музея”, – пісала пра Уладзіславу яе лепшая сяброўка, паэтка Канстанцыя Буйло. Экспазіцыя стварана на падставе калекцый фотаздымкаў і дакументаў з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Сярод гістарычных дакументаў – асабовыя справы Уладзіславы Луцэвіч і першых супрацоўнікаў музея: педагога і літаратуразнаўцы Алесі Александровіч і паэта Валянціна Таўлая, якія зберагаюцца ў архіве Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і экспануюцца ўпершыню.

Руплівая дзейнасць Уладзіславы Луцэвіч па збіранні і захаванні спадчыны Янкі Купалы, у мемарыялізацыі– унікальны досвед у развіцці музейнай справы, важны для культуры Беларусі. У год 130-гадовага юбілею музей зноў звяртаецца да асобы Уладзіславы Францаўны – з удзячнасцю за яе вялікую працу.

Выстава працуе па 25 студзеня 2022 года.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *