Выстава «Яго жыццё гэта вера» ў Аршанскім музеі У.С. Караткевіча

З 1 па 30 красавіка 2021 года ў Аршанскім музеі У.С. Караткевіча – філіяле Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны будзе праходзіць выстаўка “Яго жыццё гэта вера” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы (Мінск).

Янка Купала і Уладзімір Караткевіч – тыя пісьменнікі, каго беларусы часцей за іншых называюць любімымі аўтарамі. На стварэнне выстаўкі натхніў аўтограф нарыса Караткевіча “Вязынка”, які жыва адлюстроўвае яго ўражанні ад паездкі на радзіму Песняра ў 1952 годзе. Нарыс быў напісаны адразу па вяртанні ў Оршу і дасланы тагачаснаму дырэктару музея Уладзіславе Францаўне Луцэвіч, якая апублікавала твор у зборніку “Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта”. Праз тры гады, напярэдадні  свайго 25-годдзя, 25 лістапада 1955 года, Уладзімір Караткевіч напіша ёй ліст-падзяку са словамі: “Вы цяпер для мяне накшталт маёй хроснай маці: першы мой выступ у вялікай прэсе быў зроблены дзякуючы Вам…”

У нарысе Уладзімір Караткевіч кажа пра Янку Купалу: “…усё яго жыццё – гэта вера. Запамятайце, гэты чалавек верыў у народ, у тое, што яму суджана шчасце…” Уладзімір Караткевіч зачытваўся творамі Купалы і прызнаваўся, што “не ўяўляе жыцця без яго”. Янка Купала бываў на Аршаншчыне – радзіме Караткевіча. Тут ён напісаў знакаміты верш “Спадчына” (1918), а ў 1930-я гады часта прыязджаў на сваю дачу, побудаваную ў Ляўках на беразе Дняпра. У дзяцінстве Уладзімір Караткевіч пабачыў Янку Купалу, калі на свяце ў Оршы брат паказаў яму вялікага паэта. Гэтая сустрэча вельмі ўразіла Караткевіча: “…я здзівіўся: мне здавалася, што ён павінен быць нават фізічна дужэйшы, на дзве галавы вышэйшы за ўсіх іншых людзей”. Так, настаўнік і вучань, не знаёмыя адзін з адным, сталі землякамі – але адзін па нараджэнні, а другі – духоўна, палюбіўшы аршанскую зямлю і дняпроўскія берагі ўсім сэрцам. Выстаўка “Яго жыццё гэта вера” адлюстроўвае сувязь жыцця і творчасці Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча і падзеленая на два тэматычныя блокі: “сустрэча” ў Вязынцы і “сустрэча” на Аршаншчыне. У экспазіцыі, акрамя рукапіса Караткевіча “Вязынка”, будуць прадстаўлены фотаздымкі Янкі Купалы на Аршаншчыне, Уладзіміра Караткевіча ў Вязынцы, дачы Янкі Купалы ў Ляўках, прыжыццёвыя выданні кніг Янкі Купалы, з якіх Караткевіч распачаў знаёмства з паэтам, сувенірны падсвечнік, які належыў Караткевічу. Дапоўняць выстаўку лісты Караткевіча Уладзіславе Луцэвіч, графічныя работы Эдуарда Агуновіча па матывах творчасці Янкі Купалы і партрэт паэта, выкананы мастаком Рыгорам Сітніцам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *