Выстава “Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў”

19 мая 2022 года а 17.00 Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на адкрыццё выставы “Янка Купала і Якуб Колас. Досціпы ад класікаў” з нагоды 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі.

Сумесны праект Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа скіраваны на папулярызацыю знакавых персон беларускай культуры ў Год гістарычнай памяці.

Янка Купала і Якуб Колас нарадзіліся ў адзін год, і ў іх жыццёвым шляху было шмат агульных момантаў: жыхарства ў Вільні і Мінску, праца ў “Нашай Ніве”, Інстытуце Беларускай Культуры, Акадэміі навук Беларусі. Абодва былі сведкамі І і ІІ Сусветых войнаў. Абодвум было ўласціва пачуццё гумару ў жыцці і майстэрства іроніі ў творчасці, пра што сведчаць шматлікія ўспаміны сучаснікаў паэтаў і іх творы.

Шырока вядома пра сатыру як інструмент выяўлення сацыяльнай несправядлівасці ў грамадзянска-патрыятычнай лірыцы нашых класікаў. Ідэя праекта – пашырыць уяўленне пра гумар і іронію як у творчай спадчыне, гэтак і ў жыцці народных паэтаў Беларусі.

Корпус экспанатаў складуць музейныя прадметы з фондавых калекцый музеяў-суэкспанентаў: рукапісы твораў і прыжыццёвыя выданні, фотаздымкі, прысвечаныя паэтам шаржы мастакоў, меморыі – сведкі жартоўных выпадкаў з жыцця Янкі Купалы і Якуба Коласа, вядомых з успамінаў сучаснікаў і нашчадкаў.

Да ўдзелу ў адкрыцці запрошаныя сваякі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Выстава працуе з 19 мая па 30 ліпеня 2022 года па адрасе Мінск, вул. Янкі Купалы, 4.

379 48 39 Барткова Марыя

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *