Выстава жывапісу Пятра Шарыпы “Светлы дзень”

26 студзеня 2023 года адбылося адкрыццё выставы жывапісу Пятра Шарыпы “Светлы дзень”.

Выстава – удзячны ўспамін Пятра Шарыпы (1942–2013), яскравага майстра беларускага жывапісу другой паловы ХХ стагоддзя, члена Беларускага саюза мастакоў, шматгадовага выкладчыка Гімназіі-каледжа імя Івана Ахрэмчыка.

“Спачатку была вёска. Вёска Заазер’е, ці па-мясцоваму Арашкі, на высокіх пагорках, з усіх бакоў абкружаная лясамі і азёрамі…” – так, нібы на ўзор першай біблійнай кнігі, сказаў пра вытокі свайго жыццёвага і творчага лёсу ўраджэнец Аршаншчыны Пётр Шарыпа. Сваёй творчасцю ён пераняў эстафету ад Фердынанда Рушчыца, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага.

Пётр Шарыпа пакінуў у спадчыну вялікую колькасць пейзажаў, напісаных “a la prima” – “у адзін сеанс” на пленэрах. Кожны твор – гэта імгненне з жыцця прыроды, перададзенае дакладна і з бездакорным мастацкім густам.

Акрамя прыроды ў розных яе праявах, Пётр Шарыпа любіў вясковыя матывы і помнікі старажытнай архітэктуры. Але што б ён ні пісаў – старыя хаты ў засені векавых дрэў альбо велічныя храмы – усё ператваралася талентам мастака ў своеасаблівы рамантычны сусвет. Самы сціплы матыў станавіўся значным, асветлены высокім небам, на якім грувасцяцца аблокі.

Шукаючы матывы для сваіх твораў, Пётр Шарыпа часам спыняўся на адасобленых хутарах, якія яшчэ захоўвалі традыцыйны лад жыцця. Інтэр’ер са старасвецкай мэбляй, з газавай лямпай, што звісае са столі, стаў фонам жанравых карцін. Нязменнай памочніцай і натуршцыцай мастака была жонка Людміла – гэта яе вобраз ва аўтэнтычных народных строях з’яўляецца на ўсіх значных палотнах.

У праекце “Светлы дзень” экспануюцца работы мастака з сямейнай калекцыі, многія з якіх будуць прадстаўленыя публіцы ўпершыню. Адкрыццём стане шэраг алоўкавых малюнкаў, дзе не менш, чым у алейным жывапісе, праявіўся талент Пятра Шарыпы.

Падчас вернісажу куратарскую экскурсію правяла
дачка мастака Алена Шарыпа.

Выстава працуе па 15 лютага 2023 года.

8017 337 99 54

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *