Выставачны праект “Слова”

Выставачны праект “Слова” да 100-годдзя стварэння Янкам Купалам паэтычнага перакладу “Слова аб палку Ігаравым”

23 сакавіка 2021 года а 17 гадзіне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца вернісаж выставачнага праекта “Слова” да 100‑годдзя стварэння Янкам Купалам паэтычнага перакладу “Слова аб палку Ігаравым”.

“Слова аб палку Ігаравым” – унікальны помнік ўсходнеславянскага пісьменства. Напісанае напрыканцы ХІІ ст., яно стала палымяным заклікам да адзінства народа ў час небяспекі і выпрабаванняў, у вобразе “руская зямля” выпрацоўваўся і замацоўваўся архетып “радзіма-маці”, якая заслугоўвае шчырай любові і адданасці, патрабуе абароны ад ворага. Дзякуючы гэтаму “Слова” стала класічным творам сусветнага ўзроўню, заняла асаблівае месца ў літаратурнай традыцыі рускіх, беларусаў і ўкраінцаў – спадчыннікаў духоўнай культуры Старажытнай Русі.

Янка Купала – першы з беларускіх пісьменнікаў, які пераклаў выдатны твор на сучасную мову прозай (1919) і вершам (1921). Прадстаўленыя на выстаўцы фотакопіі Купалавых лістоў, адрасаваных акадэміку Яўхіму Карскаму і паэту Івану Белавусаву, узнаўляюць творчы працэс, а арыгінальныя фотаздымкі і старыя паштоўкі з выявамі Смаленска і Мінска знаёмяць з жыццём творцы ў 1919–1921, распавядаюць пра паралельную работу над перакладам “Слова” Купалы і Максіма Гарэцкага, якіх лёс блізка звёў менавіта ў гэты час. У экспазіцыі змешчаны фрагмент аўтографа вершаванага купалаўскага перакладу і яго першая публікацыя на старонках часопіса “Вольны сцяг”, а таксама першае выданне абодвух Купалавых перакладаў пад агульнай вокладкай, ажыццёўленае ў 1938. Ёсць магчымасць пазнаёміцца і з плёнам працы Максіма Гарэцкага на старонках яго “Хрэстаматыі беларускае літаратуры”, выдадзенай у 1922 у Вільні.

На выстаўцы таксама прадстаўлены першае выданне помніка 1800 года і першы мастацкі пераклад фрагмента “Слова” на сучасную беларускую мову  –“Песня пра князя Ізяслава Полацкага” Максіма Багдановіча на старонках “Беларускага календара “Нашай нівы” на 1911”.

Экспануюцца графічныя цыклы Георгія Паплаўскага і Алены Лось –арыгінальныя мастацкія ўвасабленні літаратурнага помніка, натхнёныя купалаўскімі перакладамі. Палатно С. Давідовіча “Хвалі ХХ стагоддзя” перадае трывожную атмасферу эпохі, а графічная работа А. Александровіча “Ты снішся мне, Няміга” нагадвае пра цесную знітаванасць нашай гісторыі і сучаснасці. Сярод мастацкіх работ асаблівае месца займае жывапісны партрэт Янкі Купалы, створаны Дзмітрыем Полазавым у 1921 годзе.

Наведаць выстаўку можна з 19 сакавіка па 12 красавіка 2021 года. Сардэчна запрашаем!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *