Выставачны праект “Сустрэчы” ў межах XXVIII Дня беларускага пісьменства

4 верасня 2021 года ў Капылі, у межах XXVIII Дня беларускага пісьменства, пачне працу выставачны праект “Сустрэчы”.

Дзяржаўны літаратурны музеі Янкі Купалы сумесна з Капыльскім раённым краязнаўчым музеем прадставяць памяткі, якія раскрыюць асобу Льва Клейнбарта (1875–1950) – пісьменніка, публіцыста, журналіста, першага біёграфа Янкі Купалы. З Песняром яго звязвалі агульныя сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, вынікам чаго сталася прыязнае сяброўства і рэалізаваныя творчыя задумы. Менавіта Леў Клейнбарт пазнаёміў паэта з мецэнатам Аляксандрам Ярэмічам, які дапамог ажыцявіць выданне кнігі “Шляхам жыцця”.

“Беларусь не толькі ў яго думках, у яго пачуццях, але і ў кожным моўным звароце, кожным гуку яго верша… Паэзія яго адна з тых хваляў, якія неслі на сваім грабяні нацыянальны рух”.

Леў Клейбарт пра Янку Купалу

Сярод рарытэтаў на выставе можна ўбачыць арыгінальныя здымкі Янкі Купалы і сям’і Клейнбартаў, перапіску паэта са сваім біёграфам, рэдкія выданні якія належалі абодвум героям сустрэч. Таксама будзе прадстаўлена адна з першых фундаментальных прац пра беларускую літаратуру “Маладая Беларусь” (1928), аўтарства Льва Клейнбарта. Наведвальнікі выставы даведаюцца і пра вядомых выхадцаў Капыля – пісьменнікаў Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага), Алеся Гурло.

Падчас адкрыцця выставы 5 верасня у 14:45 адбудзецца прэзентацыя кнігі ўспамінаў Льва Клейнбарта “Сустрэчы. Янка Купала”. Сумесны праект рэалізавалі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і выдавецкі дом “Звязда”.

Наведаць выставу можна да 30 верасня 2021 года ў Капыльскім раённым краязнаўчым музеі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *