Выставачны праект “За шчасця лепшага вясну…

28 красавіка 2022 года ў 18.30 у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца прэзентацыя выставачнага праекта “За шчасця лепшага вясну…”, прымеркаванага да Дня Перамогі і прысвечанага жыццю і творчасці Янкі Купалы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Прэзентацыя пройдзе ў рамках праекта музея “Купала. 12 адкрыццяў” і прадставіць малавядомыя моманты з жыцця паэта і Беларусі, якая зведала трагедыю генацыду ў гады нацысцкай акупацыі.

Паэт належаў да пакалення, якое перажыло навалу дзвюх сусветных войнаў. Непасрэдны ўдзельнік і сведка – Янка Купала ніколі не мірыўся з вайной, выкрываў яе антычалавечую, антыжыццёвую сутнасць. З пазіцый высокага гуманізму асвятляў ён пытанне вайны і міру ў сваіх вершах і публіцыстыцы. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны яго слова стала зброяй у змаганні з фашызмам.

Янка Купала верыў у перамогу. Пра вызваленне Беларусі ён пісаў у баладзе “Дзевяць асінавых колляў”, якая засталася незавершанай. Успаміны сяброў паэта захавалі для нас яго мары аб вяртанні на Радзіму: “Я кожны дзень думаю, як мы будзем ісці па Беларусі. Я часта ў сне бачу вуліцы ў вёсках, дамы ў спаленых гарадах. Мы будзем будаваць дамы, як у казцы. Горад – у дзень. Калі б я не быў паэтам і старым чалавекам, я хацеў бы быць каменшчыкам пасля вайны”. На жаль, паэту не было наканавана сустрэць Перамогу: яго жыццё дачасна абарвалася 28 чэрвеня 1942. Але нават па смерці яго вершы, думкі, мары працягвалі жыць у сэрцах людзей, што змагаліся з акупантамі, набліжаючы час вызвалення.

На выставе будуць прадстаўлены творы мастакоў, асабістыя рэчы паэта, аўтографы вершаў і публіцыстыкі Янкі Купалы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Дакументы і фотаздымкі ўзновяць няпросты шлях паэта на апошнім этапе яго зямнога жыцця, які прыпаў на час найцяжэйшых выпрабаванняў для яго любай Бацькаўшчыны-Беларусі.

Падчас традыцыйнай грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам” прагучаць патрыятычныя вершы Янкі Купалы. Для гасцей вечара падрыхтавана куратарская экскурсія.

Папярэдні запіс па нумарах +375 17 3955766; +375 29 3160408.

Дні працы выставы: з 28 красавіка па 10 мая 2022 года.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *