Адкрыццё выстаўкі «Валяр’яна Жолтак. Смак да жыцця»

Валяр’яна Жолтак – выхаванка знакамітай «віцебскай школы». У 1935–1939 гг. вучылася ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, дзе яе настаўнікамі былі Уладзімір Хрусталёў і Іван Ахрэмчык.

У 1939–1941 і 1944–1951 гадах працавала мастаком-дэкаратарам ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. З 1949 года – сябра Саюза мастакоў. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1999). Творы Валяр’яны Жолтак знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, шэраг – у фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, прыватных калекцыях Англіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Румыніі, Японіі.

Юбілейная выстава Валяр’яны Жолтак у Купалавым Доме – унікальная магчымасць убачыць палотны мастачкі, што зберагаюцца ў прыватных калекцыях на Беларусі.

Работы Валяр’яны Жолтак вылучае адметная кампазіцыя і каларыстыка, кранальная мастацкая выразнасць. Таму гэты выставачны праект прапануе не толькі пазнаёміцца з яе цудоўнымі творамі, але і даведацца пра асобу аўтаркі праз артэфакты з сямейнага архіва і фатаграфіі, што захавалі ўсмешлівае аблічча чароўнай жанчыны ля мальберта, у коле сяброў і родных. Ёсць сярод памятак абрэзаныя здымкі і дакументы – яскравыя сведчанні драматычных момантаў жыцця мастачкі.

Але не глядзячы на ўсе складанасці лёсу ва ўсіх працах Валяр’яны Жолтак – і ў жанравых карцінах, і ў партрэтах, і ў нацюрмортах – жыве праўдзівы, нязмушаны жыццесцвярджальны пачатак, які шчыра і далікатна перадае светаадчуванне аўтара, акрэсленае ў назве праекта як “смак да жыцця”.

Выстава працуе з 14 лютага па 28 сакавіка 2020 года па адрасе

Мінск, вул. Янкі Купалы, 4.

Тэлефон для даведак: 226 08 39

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *