Зоркі для дзетак — выстаўка да 100-годдзя выхаду дзіцячага часопіса «Зоркі»

З 10 лютага па 22 лютага 2021 года ў межах стацыянарнай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы будзе працаваць выстаўка “Зоркі для дзетак”, прысвечаная 100-годдзю з выхаду дзіцячага часопіса “Зоркі”.

Дзіцячыя часопісы уяўляюць сабой, у адрозненне ад перыёдыкі для дарослых, асобны яскравы свет. Часам мы на ўсё жыццё запамінаем, якія часопісы ў дзяцінстве гарталі і шукалі у шапіку. І калі сёння дзіцячыя выданні можна знайсці на любы густ і гаманец, то яшчэ сто год таму нават адзіны часопіс быў жаданым падарункам для любога дзіцяці.

“Зоркі” – першы дзіцячы часопіс у БССР. Выдаваўся ён кожны месяц у Мінску з лютага 1921 г. па чэрвень 1922 г. на беларускай мове. Галоўным рэдактарам часопіса быў калега Янкі Купалы яшчэ з часоў “Нашай Нівы” Змітрок Бядуля. Прымаў удзел у стварэнні часопіса і сам Янка Купала. У “Зорках” былі надрукаваны вершы Купалы “Песня і казка”, “Бай”, “Сын і маці”, яго пераклады з рускай і польскай моў.

Музей прапануе наведвальнікам зазірнуць у свет старой дзіцячай прэсы: пабачыць, якімі вершамі зачытваліся беларускія дзеці, у якія гульні ім прапаноўвалі згуляць і якія песні спяваць.

Запрашаем здзейсніць падарожжа ў часе на сто год назад разам з “Зоркамі”!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *